Члена Еўрапарламента Рэбеку Хармс шэсць гадзін трымалі на беларускай мяжы. Яна накіроўвалася на міжнародную канферэнцыю «Чарнобыль +30», якая прайшла 24 красавіка ў Мінску пад эгідай таварыства «Зялёная сетка» і Беларускай партыі «Зялёныя» пры падтрымцы кіеўскага філіяла Фонду Генрыха Бёля (Германія), Сусветнай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Еўрапейскай партыі зялёных.

Паводле паведамлення Беларускай антыядзернай кампаніі, нямецкі палітык, кіраўнік фракцыі «Зялёныя — Еўрапейскі свабодны альянс» у Еўрапарламенце, якая была затрымана на памежным кантролі ў аэрапорце Мінск, змагла ўехаць у беларускую сталіцу і ўзяць удзел у канферэнцыі.

Сваё затрыманне Хармс, якая адкрыта крытыкуе палітыку Крамля ў ЕС, звязвае з тым, што яна ўнесена ў спісы не ўязных у Расію па палітычных матывах, і тлумачыць супрацоўніцтвам пагранічных службаў Расіі і Беларусі. 

Рэбека Хармс выступіла на канферэнцыі «Чарнобыль +30» па запрашэнні Беларускай партыі «Зялёныя». «Праз 30 гадоў пасля Чарнобыля Украіна і іншыя краіны яшчэ не пачалі ачышчэння зоны аварыйнай АЭС», — адзначыла Хармс. У той жа час, паводле яе слоў, на будаванне аб'екта «Сховішча» для аварыйнага чарнобыльскага рэактара Еўрасаюз ужо выдаткаваў велізарныя сродкі і Украіна будзе яшчэ доўга залежаць ад знешняга фінансавання ў гэтай сувязі.

«Мы не ведаем, дзе адбудзецца наступная аварыя, — сказала дэпутат. — Я працую з ядзернымі рызыкамі ў ЕС, і на маёй старонцы ёсць даследаванне балгарскага эксперта, дзе гаворыцца пра тое, што ў ЕС пасля 2006 года мы даволі блізкія да наступнай катастрофы на АЭС, яна можа быць і ў Францыі, і ў Германіі. Што мы можам зрабіць, дык гэта выйсці з ядзернага цыкла». На яе думку, гэта асабліва актуальна менавіта цяпер, у сувязі з тым што тэрарысты робяць сваёй мішэнню атамныя электрастанцыі ў Еўропе.

«Менавіта таму АЭС — гэта бомбы запаволенага дзеяння», — лічыць Хармс.

Як мяркуе нямецкі палітык, чарнобыльскі вопыт — добрая падстава скончыць з атамнай энергетыкай. «Чарнобыль паўплываў на энергетыку Германіі: яна канчаткова змянілася і стала «зялёнай». І калі мы кажам пра нямецкі вопыт, то эканоміка аднаўлянай энергіі значна лепшая, чым эканоміка ядзернай энергетыкі», — заявіла парламентарый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?