Прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк абвясціў аб сваёй адстаўцы з пасады прэм'ер-міністра Украіны.

Reuters

Reuters

Пра гэта ён заявіў сёння ў эфіры праграмы «10 хвілін з прэм'ер-міністрам», якая транслявалася на ўкраінскіх тэлеканалах.

«Я прыняў рашэнне скласці паўнамоцтвы прэм'ер-міністра Украіны», — заявіў ён, дадаўшы, што ў аўторак, 12 красавіка, адпаведнае прадстаўленне будзе ўнесена на разгляд Вярхоўнай Рады.

«Маё рашэнне прадыктавана некалькімі прычынамі: палітычны крызіс у дзяржаве развязаны штучна, жаданне змяніць адну асобу асляпіла палітыкаў і паралізавала іх волю да рэальных перамен у краіне, працэс змены ўрада ператварыўся ў бяздумны бег на месцы, аўтары крызісу сталі закладнікамі абставінаў, зрабілі закладнікамі ўсіх нас: урад, грамадства, дзяржаву», — падкрэсліў Яцанюк.

«Насуперак абставінам, нягледзячы на абсурд становішча і бессэнсоўнасць абвінавачванняў, я прапанаваў план выхаду з крызісу, казаў краіне, прэзідэнту і парламенту — не трымаюся за пасаду. Кіраўніцтва ўрадам — гэта цяжар, гэта інструмент, а не прывілей. Нельга дапусціць аднаго — дэстабілізацыі выканаўчай улады падчас вайны, такая перспектыва непазбежная, калі пасля адстаўкі не будзе неадкладна абраны новы ўрад Украіны», — адзначыў ён.

Па словах Яцанюка, вырашэнне палітычнага крызісу нарэшце стала дасягальным: у парламенце аднаўляецца кааліцыйная большасць, новае кааліцыйнае пагадненне грунтуецца на мэтах і прынцыпах праграмы Кабінета міністраў.

«Парламенцкая фракцыя «БПП» вылучыла на пасаду кіраўніка ўрада Уладзіміра Гройсмана. Зрабіўшы ўсё для стабільнасці і пераемнасці курсу, заяўляю аб рашэнні перадаць абавязкі і адказнасць кіраўніка ўрада Украіны», — сказаў Яцанюк.

«Дзякуй «Народнаму фронту» за падтрымку, прашу падтрымаць маё рашэнне і разам працягнуць агульную справу. «Народны фронт» застаецца ў кааліцыі, таму што сёння гэта адзіны сродак абараніць дзяржаву», — дадаў ён.

Яцанюк таксама адзначыў, што ганарыцца вынікамі дзейнасці свайго ўрада.

«Нямала нашых спраў яшчэ будуць ацэненыя», — перакананы ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?