Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін падпісаў ўрадавую тэлеграму з даручэннем рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і мясцовым уладам прыняць дадатковыя меры ў сувязі з тым, што на тэрыторыі краіны 18—20 сакавіка чакаюцца неспрыяльныя метэаралагічныя ўмовы, паведамляе прэс-служба МНС.

Паводле прагнозу Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, у найбліжэйшыя дні на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 18 м/с, паніжэнне тэмпературы паветра да мінус 9°С у начны час (да мінус 12°С пры праясненнях), а таксама моцныя ападкі (у асноўным у выглядзе мокрага снегу, месцамі да 17 см).

Калінін даручыў узмацніць аварыйныя і дзяжурна-дыспетчарскія службы і забяспечыць аператыўную ліквідацыю наступстваў магчымых надзвычайных сітуацый, у тым ліку своечасовую расчыстку аўтамабільных дарог, пад'язных шляхоў да сельскіх населеных пунктах, будынкаў і збудаванняў сельскагаспадарчага прызначэння.

Прадпісана таксама сфармаваць мабільныя брыгады для аператыўнай ліквідацыі наступстваў падзення дрэў на дарогі агульнага карыстання і лініі электраперадачы, забяспечыць гатоўнасць аўтаномных крыніц электразабеспячэння, прымаць аператыўныя меры па ліквідацыі аварый на электрасетках, па ўмацаванні канструкцый будынкаў і збудаванняў, ліквідацыі аварыйных дрэў.

Даручана інфармаваць жыхароў краіны праз СМІ «аб становішчы, што складваецца, а таксама па пытаннях арганізацыі бяспекі жыццядзейнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?