6 сакавіка глядзеў штотыднёвую аналітычную перадачу «Контуры» на тэлеканале АНТ. На самым пачатку быў вялікі сюжэт пра міліцыю і інтэрв’ю з міністрам МУС Шуневічам, які зазначыў: «Традыцыйна Беларусь лічылася транзітнай краінай для наркотыкаў. Сёння, на жаль, мы разглядаемся наркадзялкамі як краіна-спажывец».

Далей быў вялікі рэпартаж пра барацьбу з наркотыкамі, пра судовы працэс над сямнаццаццю наркадзялкамі і прагучалі такія словы: «Амаль усе наркотыкі прыходзяць з усходу. Надгляду на мяжы няма. Таму галоўны козыр аператыўнікаў — шырокія агентурныя сеткі ўнутры краіны». І — ніводнага слова пра намеры ці неабходнасць абараніць Беларусь ад расійскага наркатрафіку. Нагадаю, што перадача ідзе на прэзідэнцкім тэлеканале, яна аналітычная, у студыі сядзіць і разважае міністр.

Што ж адбываецца? Якія высновы можна зрабіць?

З заходняй мяжы штотыдзень прыходзяць паведамленні пра затрыманні грамадзянаў Расіі за наркотыкі. Напрыклад, «брэсцкія мытнікі затрымалі расіян з забароненымі курыльнымі сумесямі і таблеткамі, якія змяшчаюць псіхатропы. (…) Кіроўца і яго пасажырка з Расіі везлі праз пункт мытнага афармлення «Дамачава» у Еўропу 225 таблетак «Tramadol» на мікрааўтобусе «Mercedes Sprinter». Яшчэ 150 такіх самых прэпаратаў канфіскавалі ўжо ў рэйсавым аўтобусе Варшава-Мінск у адной з пасажырак у рэспубліканскім пункце мытнага афармлення «Варшаўскі мост». (…) А ў РПМА «Брэст-Цэнтральны» распачаты два адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да двух грамадзян Расіі і таджыка. Яны везлі больш за 900 грам насваю, забароненага ў Беларусі».

Крыху раней, 11 студзеня, брэсцкія мытнікі распачалі тры крымінальныя справы ў дачыненні да грамадзян, якія спрабавалі правезці праз мяжу таблеткі, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы. Фігурантамі сталі жыхары Беларусі і Расіі: «Грамадзянка Беларусі, якая накіроўвалася з Польшчы на турыстычным аўтобусе праз ПТА «Варшаўскі мост», спрабавала перавезці праз мяжу 100 таблетак трамадолу». У тым жа пункце афармлення ў 40-гадовага грамадзяніна Расіі «мытнікі знайшлі больш за 100 такіх самых таблетак. А пасажыр цягніка «Цярэспаль-Брэст» схаваў ад кантролю 27 таблетак Cirrus».

На ўсходняй мяжы — ціша. Наркотыкі плывуць бесперашкодна. Толькі чутна, што атрады мытнікаў ловяць на неіснуючай мяжы з Расіяй рыбу за тое, што перасолена ці недасолена, фрукты, гародніну… А наркотыкі едуць.

Падчас судовага працэсу над наркадзялкамі прагучала прызнанне аднаго са злачынцаў: «Скрынкі з наркотыкамі перавозіў у Беларусь з Масквы». Гэта ж паўтарыў аўтар рэпартажу на АНТ.

Дык цікава, чаму не ўводзяць наркакантроль на мяжы з Расіяй? Як сам міністр зазначыў, мы ўжо ператварыліся з транзітнай для наркаты краіны ў спажыўцоў.

Аляксандр Лукашэнка афіцыйна павіншаваў беларускіх жанчын з Міжнародным жаночым днём. Уявіце, які шыкоўны падарунак ён мог бы зрабіць усім жанчынам нашай краіны — увесці наркакантроль на мяжы з Расіяй. Тады дзеці былі б значна больш абаронены ад наркапагрозы. Нявесты не насілі б перадачы ў турмы і рэанімацыі для сваіх жаніхоў…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?