Уладзімір Арлоў, Валерыя Данілевіч, Уладзімір Някляеў і Віталь Рыжкоў сталі лаўрэатамі XIII прэміі «Залаты апостраф», заснаванай літаратурна-мастацкім часопісам «Дзеяслоў» Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП). Цырымонія ўзнагароджання адбылася 24 лютага ў сталічнай кнігарні «Галіяфы».

Штогадовая літаратурная прэмія «Залаты апостраф» уручаецца за найлепшыя прозу, паэзію і дэбют аўтарам, якія друкаваліся на старонках часопіса на працягу года. Прэмія была заснавана ў 2002 годзе, каб вылучаць маладых аўтараў, не даючы ім знікнуць незаўважанымі, а таксама ўшаноўваць тых, хто ўжо мае сталае чытацкае кола і аўтарытэт.

Старшыня СБП, галоўны рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч на адкрыцці цырымоніі сказаў, што 80 нумароў — гэта «вялікі адрэзак жыцця» для часопіса. На яго думку, нягледзячы на тое што часопіс выходзіць раз на два месяцы з верасня 2002 года, можна лічыць «кожны нумар за год жыцця» выдання. «Атрымліваецца 80 гадоў… Небагата часопісаў столькі пратрымаліся», — паўжартам адзначыў старшыня пісьменніцкай арганізацыі.

Цырымонія ўганаравання чарговых лаўрэатаў прэміі «Залаты апостраф», звярнуў увагу Пятровіч, невыпадкова была прызначана на 81-шы дзень нараджэння Рыгора Барадуліна. «Мы думалі, што такім чынам мы нагадаем пра яго, згадаем яго. Нічога страшнага, што ў гэты дзень ёсць і іншыя імпрэзы [з нагоды дня нараджэння Барадуліна], гэта значыць, што Беларусь яго памятае», — дадаў ён.

Віталь Рыжкоў, аўтар верша «Удары ў хвіліну», перамог у намінацыі «Паэзія». Упершыню за ўсю гісторыю «Залатога апострафа» Рыжкоў стаў двухразовым пераможцам у гэтай намінацыі, раней ён стаў лаўрэатам у 2008 годзе.

Уладзіміра Арлова з яго аповесцю «Танцы над горадам» журы прызнала лепшым аўтарам празаічнага твора. Верш «Бойка чорнага з белым» Валерыі Данілевіч сёлета зрабіў паэтку лепшай дэбютанткай.

Уладзіміра Някляева ўганаравалі спецыяльнай прэміяй Алеся Усені за высокі творчы ўклад у сучасную беларускую літаратуру. «Для мяне гэта вельмі дарагі чалавек, напэўна, самы дарагі з тых, каму я ўручаў прэмію. Гэта вельмі блізкі мне па духу творца», — адзначыў Усеня.

Някляеў у сваю чаргу сказаў, што тэксты, якія друкуюцца ў «Дзеяслове», з`яўляюцца пэўным паказчыкам стану беларускага літаратурнага мастацтва. І тая літаратура, якая трапляе апошнім часам у часопіс, на яго думку, паказвае, што беларускае слова добра развіваецца. Някляеў адзначыў, што хацеў бы раздзяліць сваю прэмію разам з Уладзімірам Арловым і Вінцэсем Мудровым.

Паэт падкрэсліў, што сёння Беларусі «не хапае мецэнатаў у развіцці культуры». «Падмурак нашай нацыянальнай культуры, нават дзяржавы — гэта перш за ўсё літаратура. Літаратура і літаратары сфармулявалі ідэю беларускай дзяржаўнасці, менавіта ад іх яна ідзе», — сказаў Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?