У Беларусі можа быць уведзены адзіны падатак на нерухомую маёмасць, паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 лютага старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў.

Цяпер існуе два асобныя падаткі — на зямельны ўчастак і на нерухомую маёмасць на ім.

Паводле слоў Гаева, у мінулым годзе пачалася рэалізацыя пілотнага праекта па кадастравай ацэнцы адзінага комплексу — зямельных участкаў і размешчаных на іх капітальных будынкаў. Праект рэалізуецца на базе Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці і Савецкага раёна Мінска. «Да мая мы збярэм усю зыходную інфармацыю, вызначым памеры кадастравага кошту гэтых аб'ектаў нерухомай маёмасці. Яе перадамо ў Міністэрства па падатках і зборах, якое разам з Міністэрствам фінансаў і іншымі зацікаўленымі ведамствамі будзе выпрацоўваць прапанову аб перспектыве пераходу да адзінага падатку на нерухомую маёмасць, — паведаміў Гаеў. — Такі падатак прымяняецца ў многіх краінах і грунтуецца на выніках кадастравай ацэнкі. Гэта дазволіць, з аднаго боку, спрасціць падатковую сістэму, з другога — вызначыць падаткаабкладаную базу, зыходзячы з ацэнкі кошту маёмасці».

Паводле яго слоў, калі хтосьці не будзе згодны з ацэнкай, ён атрымае права правесці індывідуальную ацэнку, згодна з якой будзе прымацца рашэнне і аб падаткаабкладанні.

Гаеў таксама паведаміў, што з 2015 года зменены падыход да вызначэння кадастравага кошту зямельных участкаў. Раней заказчыкамі кадастравай ацэнкі, якая павінна была праводзіцца не радзей за адзін раз на пяць гадоў, з'яўляліся выканкамы. «Але было прынята рашэнне праводзіць такую працу мэтанакіравана, і ў цяперашні час праводзіцца ацэнка ўчасткаў пад шматпавярховай забудовай. Праца будзе скончана да ліпеня 2016 года. Адпаведна кадастравы кошт стане асновай для вызначэння падатковых плацяжоў за зямлю, арэнднай стаўкі, платы за прадастаўленне ўчасткаў у прыватную ўласнасць», — адзначыў Гаеў.

Дзяржкамітэт па маёмасці стараецца, паводле яго слоў, падтрымліваць высокі ўзровень у рэйтынгу Doing business, які тычыцца рэгістрацыі ўласнасці. «У цэлым робім усё, каб працэдуру рэгістрацыі нерухомай маёмасці спрашчаць, аптымізаваць і скарачаць тэрміны», — адзначыў Гаеў. У мінулым годзе ўдалося вырашыць пытанне аб рэгістрацыі нерухомай маёмасці на працягу аднаго дня.

Таксама, вядзецца праца па ўкараненні сістэмы электроннай рэгістрацыі. «У каго ёсць электронны лічбавы подпіс, той можа звяртацца па ажыццяўленне рэгiстрацыйных дзеянняў, не выходзячы з офіса або хаты. Гэтыя тэхналогіі распрацаваныя і дазваляюць гэтыя дзеянні здзяйсняць, хоць пакуль нельга сказаць, што гэта атрымала масавы шырокі характар», — адзначыў Гаеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?