У Нароўлі расследуецца крымінальная справа па факце махлярства ў дачыненні да 58-гадовай мясцовай жыхаркі. Жанчына атрымлівала пенсію па інваліднасці за брата, які памёр восем гадоў таму, і незаконна прысвоіла больш за 80 млн. рублёў, паведамілі ў Нараўлянскім РАСК.

У лютым 2008 года жанчына таемна пахавала роднага брата, які памёр у 47 гадоў. Ён быў інвалідам І групы з дзяцінства. Сястра працягвала незаконна атрымліваць у паштовым аддзяленні пенсію за брата да таго часу, пакуль восенню 2015 года ўпраўленне сацыяльнай абароны насельніцтва не выявіла факт махлярства.

Былі праведзеныя эксгумацыя трупа, судова-медыцынскія і генетычныя экспертызы, якія пацвердзілі факт смерці і факт супадзення ДНК памерлага з ДНК абвінавачанай. У Следчым камітэце адзначылі, што іншыя сваякі ведалі пра махлярства, але хавалі гэта да арышту абвінавачанай. Пасля чаго сваякі пачалі добраахвотна пакрываць шкоду. На маёмасць абвінавачанай накладзены арышт.

Расследаванне завяршаецца, і найбліжэйшым часам справа будзе перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Мінімальнае пакаранне, якое пагражае пенсіянерцы, — два гады пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?