Беларуская мова патроху перастае быць доляй толькі культурнай інтэлігенцыі, апазіцыі і пажылых жыхароў вёскі, паступова пашыраючы сваю прысутнасць ва ўсіх сферах жыцця. Бізнэс — не выключэнне. Рэкламныя білборды, што на мове прасоўваюць прадукцыю буйных сусветных брэндаў, ужо даўно сталі звыклымі. Хто цікавіўся, даўно ў курсе: палітыка большасці глабальных кампаній прадугледжвае вядзенне рэкламнай дзейнасці выключна на тытульнай мове нацыі, якая насяляе краіну.

Паралельна, многія маркетынгавыя даследаванні пацвярджалі: беларуская мова ў рэкламе робіць яе больш прывабнай для мясцовых жыхароў, а часцяком нават больш сэксуальнай. Тым не менш на паводзінах мясцовых прадпрымальнікаў усе гэтыя фактары доўгі час не адбіваліся — пераважная іх большасць працягвала выкарыстоўваць выключна рускую мову. Шмат шуму нарабіла леташняя ініцыятыва сеткі аўтазаправак А-100, якая прыняла рашэнне аб вяртанні да нацыянальных вытокаў у моўным пытанні.

У Гомелі таксама ўсё больш і больш шыльдаў розных кампаній і фірмаў афармляецца на роднай мове. А дырэктар кампаніі «Будмаркет ТэрмаДэкор» Вадзім Мартыненка, здаецца, пайшоў далей за ўсіх. На сваёй старонцы ў сацсетцы «Facebook» ён зрабіў запіс аб тым, што цалкам перавядзе свой бізнэс на беларускую мову: ад шыльдаў і цэннікаў, да зносін з кліентамі і рэкламы.

«Моцныя навіны» пагутарылі з прадпрымальнікам, каб зразумець: што падштурхоўвае паспяховых людзей вяртацца да гістарычных і культурных вытокаў і наколькі тут моцны прагматычны разлік.

— Вадзім, для пачатку раскажыце пра прычыны свайго рашэння: было яно спантанным альбо Вы, як той казаў, «дайшлі»?

— Яно не было спантанным, я ішоў да гэтага шмат гадоў, пачынаючы з 2000-х гадоў, калі мне было яшчэ трыццаць. Тады, у першую чаргу, мною рухала жаданне самаідэнтыфікацыі: хто я? Беларус? Рускі? Хто? Пачуццё крыўды і прыкрасці з-за пастаяннай дэградацыі беларускай мовы і культуры толькі кіравалі мною, жаданне ўсё ж такі быць беларусам толькі мацнела.

— І як Вы пачыналі? Праблем хапіла?

— Нялёгка пачынаў. Збіраўся з думкамі доўга. Доўга хацелася, але прыкладна чатыры гады таму пачаў патроху выціскаць з сябе «дзякуй» у зносінах з прадаўцамі ў крамах. Як гаворыцца, «па прыколе», граючы, вёў дыялогі з сябрамі і блізкімі. На зняцце страху, нейкага комплексу сышло ажно два (!) гады! Былі беларускія аўдыёкнігі Гарэцкага, Караткевіча, быў канал «Культура», «Наша Ніва», іншыя моўныя рэсурсы, шмат чаго было. У рэшце рэшт, я зараз магу бегла тлумачыцца ў любой сітуацыі.

— І вырашылі распаўсюдзіць сваё захапленне на бізнэс?

— Пытанне пераходу на мову ў бізнэсе — гэта пытанне эвалюцыі і своеасаблівага куражу. Як бізнэсовец, я думаў, вядома, аб матэрыяльных наступствах гэтага кроку, аднак нейкай статыстыкі альбо аналітыкі па гэтай тэме знайсці не ўдалося. Рашэнне даспела з усведамленнем фактару рызыкі, пачуццем, што ты належыш да першапраходцаў…

— Ці не занадта легкадумна для бізнэсмена прымаць такія адказныя рашэнні, матывуючы рамантычным настроем?

— Пасля таго, як мой пост у Facebook на гэтую тэму набраў некалькі сотняў «лайкаў», на мяне абрынулася лавіна прапаноў аб дапамозе, паведамленняў з матывацыяй, адабрэння, я зразумеў, што гэта — правільнае рашэнне, і яно і было, па сутнасці, Рубіконам.

Сёння для мяне гэта проста свята для душы! Упэўнены, любы пазітыў прыносіць для бізнэсу добры вынік. У сённяшняй сітуацыі жорсткага эканамічнага крызісу гэта моцна дапамагае: і канкрэтная дапамога ад незнаёмых або малазнаёмых табе раней людзей, і нават проста — адабрэнне і заахвочванне. Я бачу, што адсоткаў семдзесят нашых людзей, свядома ці не, замілоўвае сутыкненне з «роднай мовай», акунанне ў яе. Прыкладна 20% — абыякавыя. Ну а да астатніх дзесяці ўжо абыякавы я, хай ідуць сабе з мірам.

Мой шлях да нацыянальнай мовы быў паслядоўным і павольным. Гэта не мімалётнае рашэнне, гэта вынік эвалюцыі асобы. Мова — гэта вялікі штуршок сёння ў бізнэсе, за кошт мноства фактараў. Але яму папярэднічалі 15 гадоў роздумаў, сумненняў, перажыванняў і невялікіх крокаў. Таму я веру, што ўсё тут выверана, абдумана і ўсвядомлена, і поспех гарантаваны! Па-іншаму і быць не можа.

«Будмаркет ТэрмаДэкор» знаходзіцца па адрасе: горад Гомель, пр. Рэчыцкі, 7а (з левага боку ад гандлёвага цэнтра «Мандарын Plaza», паварот на святлафоры па галоўнай).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0