ria.ru

Пастаўкі бензіну ў Расію сёння эканамічна нявыгадныя — так пракаментаваў віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка спыненне паставак бензіну на расійскі рынак. «Для нас пастаўляць сёння бензін у Расію — працаваць глыбока ў страту», — заявіў ён журналістам 2 лютага ў Мінску на цырымоніі адкрыцця выставы «Электратэх».

«У нас ёсць пагадненне ад 29 мая 2014 года аб стварэнні ЕАЭС. Там дакладна агаворана: што тычыцца балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў і ўзаемных паставак, яны ажыццяўляюцца па прынцыпе зваротнага падліку», — сказаў Сямашка. Гэта значыць, растлумачыў ён, калі кошт пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію ніжэйшы за цэны, па якіх можна іх рэалізаваць у Еўропе, то ў беларускага боку ёсць права не ажыццяўляць пастаўкі сабе ў страту.

Беларусь гэтым і кіруецца, падкрэсліў віцэ-прэм'ер. «Сёння цана сапраўды істотна ніжэйшая, розніца даходзіць да 100 долараў за тону», — паведаміў Сямашка. Пры гэтым ён дадаў, што «рэнтабельнасць рэалізацыі беларускіх НПЗ вельмі далёкая ад гэтых 100 долараў».

З іншага боку, адзначыў віцэ-прэм'ер, у Расіі цяпер не адчуваецца дэфіцыту высокаактанавых бензінаў, напрыклад маркі Еўра-4. «Расія таксама не стаіць на месцы, іх НПЗ мадэрнізуюцца, укладваюцца грошы. Але мы са сваімі заводамі крыху іх апярэдзілі, сёння ўжо бензін маркі Еўра-5 выпускаецца і ў ААТ «Нафтан», і на Мазырскім НПЗ», — сказаў Сямашка.

Ён таксама заўважыў, што ў Расіі цяпер існуе прафіцыт нафтапрадуктаў. Калі падчас пасяўной або уборачнай кампаніі на расійскім рынку паўстане дэфіцыт, то Беларусь, магчыма, будзе яго папаўняць, дапусціў Уладзімір Сямашка.

***

Аб спыненні паставак у Расію беларускага бензіну стала вядома на мінулым тыдні.

Расійская газета «Известия» са спасылкай на крыніцы ў нафтахімічным комплексе РФ паведаміла, што апошнія пастаўкі расійскім трэйдарам былі ажыццёўлены ў пачатку студзеня. Іх аб'ём склаў усяго 239 тон, 0,2% ад паставак у студзені 2015 года (101,6 тыс. тон), прытым што звычайна доля беларускага бензіну на расійскім рынку складае 3—5%.

29 студзеня намеснік міністра энергетыкі РФ Анатоль Яноўскі заявіў журналістам, што Мінэнерга РФ не задаволена тым, як Беларусь выконвае свае абавязацельствы па пастаўках бензіну і прапанавала расійскаму ўраду прыняць меры ў адказ.

Эксперты не выключаюць, што ў якасці меры ў адказ Расія можа скараціць квоты на пастаўку ў Беларусь нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?