У адпаведнасці з праграмай палёту, спадарожнік Belintersat-1 выведзены ў арбітальную пазіцыю 51.5 градуса ўсходняй даўгаты. Усе сістэмы працуюць у штатным рэжыме. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі.

Belintersat-1 быў запушчаны 15 студзеня з касмадрома Січань (КНР) кітайскай ракетай-носьбітам.

З моманту вывядзення спадарожніка на калязямную арбіту да канца студзеня 2016 года яго кіраванне будзе ажыццяўляцца кітайскім бокам, а далей — сумеснай камандай беларускіх і кітайскіх спецыялістаў з наземнага комплексу кіравання на тэрыторыі Беларусі. Беларускія спецыялісты ў ліпені 2015 года завяршылі 9-месячны курс навучання і стажыроўку ў КНР па наземным комплексе кіравання спадарожнікам.

Канчатковую прыёмку Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання плануецца завяршыць у красавіку 2016 года па выніках планавых арбітальных выпрабаванняў. Пасля іх заканчэння спадарожнік будзе ўведзены ў камерцыйную эксплуатацыю і яго кантроль пяройдзе да беларускага боку.

Апарат выраблены на базе платформы DFH-4, яго эксплуатацыя плануецца на працягу пятнаццаці гадоў з моманту запуску. Пастаўшчыком асноўных кампанентаў карыснай нагрузкі выступілі вядучыя еўрапейскія вытворцы ў гэтай галіне.

Як адзначаюць у Дзяржкамваенпраме, «Белінтэрсат» — гэта дзяржаўны экспартна арыентаваны праект. Яго мэта — стварэнне сістэмы на базе ўласнага геастацыянарнага спадарожніка і наступнае аказанне шырокага спектра тэлекамунікацыйных паслуг дзяржаўным і карпаратыўным кліентам за кошт іх інфармацыйнай прысутнасці на ўсім усходнім паўшар'і Зямлі, а таксама аператарам краін блізкага і далёкага замежжа.

На тэрыторыі Беларусі для камерцыйных і дзяржаўных структур праект «Белінтэрсат» будзе аказваць шэраг добра запатрабаваных паслуг, такіх як двухбаковы спадарожнікавы інтэрнэт; перасоўная спадарожнікавая сувязь; рашэнні для аператараў сотавай сувязі; арганізацыя карпаратыўных сетак перадачы звестак; ажыццяўленне прамых трансляцый і ТБ-вяшчання.

Адметнай асаблівасцю гэтых паслуг для рынку Беларусі з'яўляецца поўны ахоп тэрыторыі краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?