27 снежня ў Гомельскім філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава прайшла «Адзіная беларускамоўная ялінка» для дзяцей. На свяце прысутнічалі каля 30 дзяцей і іх бацькі.

У праграме «Ялінкі» былі карагоды, батлейка, калядныя спевы ад гурту грамадскай краязнаўчай моладзевай арганізацыі «Талака», выступы гурту «Ягорава гара».

Мерапрыемства прайшло па ініцыятыве беларускамоўных маці Гомеля. «Разам з музеем і грамадскай моладзевай краязнаўчай арганізацыяй «Талака» распрацавалі сцэнар свята, зрабілі абвесткі і, па шчырасці, не чакалі, што прыйдзе столькі людзей. У мяне сыну амаль паўтара года, і хацелася свята, заснаванага на беларускіх традыцыях», — пракаментавала адна з ініцыятараў мерапрыемства Юлія Сівец.

Дырэктар музея Пятро Цалка ўдзельнічаў у свяце ў якасці батлейшчыка, Казы і Мішкі. «Спадзяюся, і дарослым не было сумна. Батлейка не мела пэўнага сцэнару, але касцяк — гэта такія аўтэнтычныя персанажы, як Антон і Антоніха, Цыган, Каза, Цар Ірад, знайшлі месца ў нашым спектаклі», — зазначыў Пятро Цалка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?