Міністэрства гандлю нагадвае, што ў адпаведнасці з заканадаўствам у вітрынах дапускаецца размяшчэнне інфармацыі аб зніжках толькі па ўзгадненні з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Пра гэта паведаміла сёння журналістам намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.

«Дзе мы адразу ж бачым інфармацыю аб зніжцы? На вітрыне магазіна. Каб абараніць нашага спажыўца, мы сказалі — вонкавая рэклама па зніжэнні цаны павінна быць узгоднена ў выканкаме. Калі ты даказаў, што ў цябе ёсць зніжка, распродаж — калі ласка, размяшчай гэту інфармацыю ў вітрыне, гандлюй, атрымлівай даходы», — адзначыла Ірына Наркевіч.

Паводле яе слоў, у Мінску ў 2015 годзе за размяшчэнне на вітрынах гандлёвых аб'ектаў рэкламы аб зніжках без дазволу Мінгарвыканкама 29 суб'ектам выдадзены прадпісанні аб дэмантажы, 3 арганізацыі аштрафаваныя.

Акрамя таго, Ірына Наркевіч звярнула ўвагу, што часта ў вітрынах размяшчаецца інфармацыя аб зніжках на замежнай мове — sale. «У такім выпадку неабходна ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона размяшчаць інфармацыю на рускай, беларускай мовах, выкананую ў такім самым памеры, што і англамоўны надпіс», — растлумачыла яна.

Намеснік міністра канстатавала, што рэклама павінна быць дакладнай і не ўводзіць у зман спажыўцоў. Згодна з арт.26 закона «Аб рэкламе», рэклама, у якой змешчаны недакладныя, несапраўдныя звесткі аб цане тавару, з'яўляецца нядобрасумленнай і забаронена да распаўсюджвання. Арт.12.15 КоАП Беларусі ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць за такія парушэнні ў выглядзе штрафу для ІП — ад 10 да 40 базавых велічынь (цяпер складае Br180 тыс.), для арганізацый - ад 20 да 50 базавых велічынь.

У студзені-верасні 2015 года Мінгандаль склаў 186 пратаколаў па адміністрацыйных парушэннях заканадаўства аб рэкламе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?