Распрацоўка беларусаў — партатыўны зубны сканэр Toothscan — атрымала Гран-пры і прыз у 100 тысяч даляраў на конкурсе інавацыйных стартапаў у рамках Wolves Summit у Варшаве.

Праект стартапа Tesla Studios дазваляе выяўляць праблемы з зубамі на ранняй стадыі, каб мінімізаваць выдаткі на стаматолага. Вонкава гаджэт выглядае як звычайная зубная шчотка. Вы праводзіце ёю ўздоўж зубоў, яна скануе паверхню і перадае атрыманыя дадзеныя на спецыяльную праграму для смартфонаў.

Там вы бачыце існуючыя праблемы, а таксама магчымае рашэнне для іх ліквідацыі. Часта праблему можна выявіць на ранняй стадыі і істотна зэканоміць на паходзе да лекара.

Toothscan — толькі адзін з праектаў беларусаў. У іх ліку пальчатка T-Glove, а таксама касцюм T-Suit, які можна інтэграваць з існуючымі акулярамі віртуальнай рэальнасці.

Дзмітрый Марозаў (злева) - кіраўнік стартапа, Сяргей Хурс (справа) адказвае за тэхнічны бок. Таксама ў камандзе Tesla Studios Ігар Бутурля (галоўны дызайнер) і Дзяніс Дыбскі, які адказвае за маркетынг.

На конкурсе ў Польшчы беларусы, якія базуюцца ў Лондане, абышлі такія праекты, як сістэма электроннай бяспекі Elephant Door, сэрвіс для распазнання мовы Speechmatics, праграма для фарміравання плэйліста з усіх радыёстанцый свету Recast. У конкурсе ўдзельнічала каля 300 стартапаў.

Нагадаем, толькі на мінулым тыдні беларус Юрый Бірчанка са сваім стартапам NWave стаў пераможцам прэстыжнага брытанскага конкурсу ідэй у сферы інтэрнэту рэчаў The BIG Awards.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?