Дыскусійны пункт у дакуменце Сінода аб святой камуніі для тых, хто пасля разводу ўступіў у новы шлюб, набраў найбольшую (сярод усіх пунктаў) колькасць галасоў «супраць», але ўсё ж атрымаў падтрымку двух трацін біскупаў з перавагай у адзін голас. У выніку ён быў прыняты разам з астатнімі пунктамі Заключнага дакладу.

Папа Францыск ў суправаджэнні епіскапаў. Фота AP / Alessandra Tarantino

Папа Францыск ў суправаджэнні епіскапаў. Фота AP / Alessandra Tarantino

Ватыкан заявіў, што найбольш дыскусійны пункт быў падтрыманы 178 членамі сінода, 80 прагаласавалі «супраць». Але каб прыняць яго былі патрэбныя дзве траціны, або 177 галасоў.

У гэтым пункце гаворыцца пра тое, каб даверыць пастарам аналіз і ацэнку сітуацыі ў выпадку з кожным вернікам, які развёўся і пабраўся новым шлюбам.

Падставай для гэтай фармулёўкі сталі словы Папы Яна Паўла II: «Пастары павінны ведаць, што праз любоў да праўды яны абавязаныя распазнаваць сітуацыю. Бо існуе розніца паміж тымі, хто шчыра спрабаваў выратаваць свой першы шлюб і быў несправядліва кінутым, і тымі, хто па сваёй цяжкай віне знішчыў кананічна законны шлюб». І далей: «Ёсць і тыя, хто ўступіў у новыя адносіны дзеля выхавання дзяцей, хто шчыра лічыць, што папярэдні, незваротным чынам разарваны, шлюб ніколі і ня з'яўляўся сапраўдным шлюбам» («Familiaris consortio», 1981).

Такім чынам, задача святароў дапамагаць вернікам у адпаведнасці з вучэннем Царквы і указаннямі біскупа. Вернікі, якія пасля разводу пабраліся шлюбам, павінны спытаць сябе, як паводзілі яны ў адносінах да сваіх дзяцей у той час, калі іх шлюб ўступіў у фазу крызісу, ці былі спробы прымірэння; у якой сітуацыі апынуўся партнёр па папярэднім шлюбе; якія наступствы новага шлюбу для астатняй часткі сям'і і прыходу; які прыклад такі разведзены вернік падае маладым людзям, якія рыхтуюцца пабрацца шлюбам», — гаворыцца ў дакуменце.

Адносна гомасэксуальных адносін, няма ніякіх падставаў для іх аналогіі, «нават аддаленай», са шлюбам і сям'ёй, гаворыцца ў выніковым дакуменце Сінода.

Такім чынам, паўтораныя высновы леташняга Сінода па пытаннях сям'і. «Сінод лічыць абсалютна непрымальным, каб мясцовыя цэрквы адчувалі ціск у гэтым пытанні, а міжнародныя арганізацыі абумоўлівалі фінансавую дапамогу бедным краінам фактам ўзаконьвання там «шлюбу» паміж асобамі аднаго полу», — гаворыцца ў дакуменце.

Акцэнтуецца таксама ўвага на тым, што кожны чалавек, незалежна ад сэксуальнай арыентацыі, павінен быць «паважаны ў сваёй годнасці, адмежаваны ад усялякіх праяваў несправядлівай дыскрымінацыі».

Сінод заклікаў таксама надаваць увагу сем'ям, у якіх жывуць людзі з гомасэксуальнай арыентацыяй, гаворыцца ў дакуменце.

У сваёй заключнай прамове Папа Францішак сказаў, што «найпершым абавязкам Каталіцкай царквы не ёсць асуджаць і пасылаць праклёны, але абвяшчаць Божую міласэрнасць, заклікаць да пакаяння, паказваць шлях да выратавання».

Сінод, сказаў Папа, завяршаючы дыскусію вечарам у суботу, дазволіў зразумець, што сапраўднымі абаронцамі дактрыны з'яўляюцца тыя, хто абараняе не літару закона, але — духу, не слепа ідзе за ідэяй, а разумее людзей, не формулу вызнае, але бескарыслівую любоў да Бога і яго ўсёдараванне.

Ён прызнаў, што няма комплексных рашэнняў для ўсіх цяжкасцяў і нявызначанасцяў, якія становяцца праблемай і пагрозай для сям'і.

Папа Францыск выказаў перакананасць, што ўдзельнікі Асамблеі ня запалі ні ў рэлятывізм, ні ў «дэманізацыю іншых».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?