Электрацягнікі гарадскіх ліній злучаць Мінск з горадам-спадарожнікам Смалявічы ў лістападзе бягучага года, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

Беларуская чыгунка працягвае работы па рамонце чыгуначнай інфраструктуры на ўчастку Мінск — Смалявічы. З пачатку бягучага года абноўлена 25 км пуці, адрамантавана чатыры пераезды. Вядуцца работы па рэканструкцыі пасадачных платформ, пешаходных пераходаў, запланавана замена агароджы і апор асвятлення. Прадугледжана ўстаноўка новых элементаў візуальна-адраснага інфармавання і аўтаматычных сістэм паведамлення пра цягнік, што набліжаецца.

Цяпер завершаны рамонт пасажырскіх платформ на прыпыначным пункце Трактарны, вядуцца работы на прыпыначным пункце Дамашаны, станцыях Сцяпянка, Азярышча. У бліжэйшы час Беларуская чыгунка плануе завяршыць электрыфікацыю прыёма-адпраўнога пуці нумар 12 станцыі Смалявічы.

Рух цягнікоў гарадскіх ліній па маршруце Мінск-Пасажырскі — Смалявічы будзе ажыццяўляцца з прыпынкамі на станцыі Мінск-Усходні, прыпыначным пункце Трактарны, станцыях Сцяпянка, Азярышча, Калодзішчы, Гарадзішча.

У 2011 годзе БЧ адкрыла рэгулярны рух электрапаяздоў гарадскіх ліній па маршруце Мінск-Пасажырскі — Ждановічы — Беларусь (Заслаўе). У 2013 годзе гарадскія паязды звязалі сталіцу з яшчэ адным горадам-спадарожнікам — Рудзенскам. З моманту адкрыцця рэгулярнага руху паяздамі гарадскіх ліній перавезена больш як 8,6 млн пасажыраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?