Партыя была створаная 20 гадоў таму, 1 кастрычніка 1995 года, на аб'яднаўчым з'ездзе Аб'яднанай дэмакратычнай партыі і Грамадзянскай партыі.

«У партыі быў бліскучы пачатак: на парламенцкіх выбарах за нас прагаласавала больш за мільён чалавек. Наш прадстаўнік — Генадзь Карпенка — стаў намеснікам старшыні Вярхоўнага савета», — нагадаў першы старшыня АГП, экс-кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю АГП.

Паводле слоў Багданкевіча, прапанову ўзначаліць партыю ён атрымаў, знаходзячы ў сваім працоўным кабінеце ў Нацбанку. «Праз некаторы час я даў згоду. Меркаваў, што краіне патрэбная цэнтрысцкая, ліберальна-дэмакратычная партыя, аснову якой склаў бы сярэдні клас, які зараджаўся», — адзначыў Багданкевіч, зараз ганаровы старшыня партыі.

Цяперашні старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што партыя стваралася як палітычная і эканамічная альтэрнатыва курсу дзейнай улады. «Такой альтэрнатывай мы з'яўляемся і цяпер. У 1996 годзе кожнаму прадстаўніку АГП у Вярхоўным савеце прапаноўвалі ўвайсці ў склад Палаты прадстаўнікоў, але ніхто не згадзіўся. Мы тады заклалі падмурак маральнасці ў дзейнасці партыі. Гэтай маральнасцю мы кіруемся і зараз», — падкрэсліў палітык. 

Лябедзька заявіў, што перад партыяй стаяць «амбіцыйныя задачы». «Галоўная наша мэта — вярнуць справядлівыя і сумленныя выбары. На яе вырашэнні мы сканцэнтраваныя падчас і гэтай, і наступных выбарчых кампаній», — паведаміў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?