У Рагачоўскім раёне на месцы выяўлення цела васьмігадовага хлопчыка, які 21 жніўня знік без вестак у вёсцы Красніца, працуе следча-аператыўная група. Следчыя адпрацоўваюць некалькі версій гібелі дзіцяці, у тым ліку крымінальнага характару, паведамляе прэс-служба СК па Гомельскай вобласці. 

Дзіця бавіла летнія канікулы ў бабулі. Апошні раз пенсіянерка бачыла ўнука на вуліцы каля дома прыкладна ў 10.00. У другой палове дня, калі дзіця не вярнулася дамоў, сваякі разам з аднавяскоўцамі пачалі яго шукаць. 

Cамастойна ўстанавіць месцазнаходжанне хлопчыка не ўдалося, і наступнай раніцай маці зніклага звярнулася па дапамогу ў праваахоўныя органы.

Да пошукавых мерапрыемстваў акрамя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў далучыліся супрацоўнікі РАНС, «Асвода», раённага аддзела адукацыі, работнікі лясгаса, валанцёры. Яны прачэсвалі вёскі, абследавалі палі, лясы, азёры. 

Цела хлопчыка знайшлі тут, sk.gov.by

Цела хлопчыка знайшлі тут, sk.gov.by

23 жніўня ў каналізацыйным адстойніку было знойдзенае цела дзіцяці, поўнасцю пагружанае пад ваду.

Паводле папярэдняга заключэння эксперта, смерць наступіла ў выніку ўтаплення. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначаная судова-медыцынская экспертыза. 

Пры першым аглядзе месца здарэння ўстаноўлена, што збудаванне з каналізацыйнымі водамі ўяўляе сабою калодзеж дыяметрам 6 метраў і глыбінёй прыкладна 5 метраў, практычна на ўсю глыбіню ўмантаваны ў зямлю. Паверхня збудавання накрытая бетоннымі плітамі. У цэнтры рэзервуара размешчаная тэхнічная адтуліна шырынёй 1 метр, прызначаная для візуальнага назірання за ўзроўнем напаўнення рэзервуара. Праём паміж плітамі агароджаны металічнымі прутамі. Рэзервуар уваходзіць у сістэму фільтравання палёў і знаходзіцца на балансе КЖЭУП «Рагачоў».

Следчыя адпрацоўваюць некалькі версій гібелі дзіцяці. Разглядаецца як крымінальны характар таго, што адбылося, так і версія няшчаснага выпадку.

Беражыце дзяцей, дадалі ў Следчым камітэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0