— Сёлета было асабліва шмат публікацый да гадавіны вайны 8 жніўня [2008 года]. Мяркую, з-за ўкраінскага кантэксту. Вось Пуцін ніколі ні ў чым не раскайваецца, шмат разоў казаў пра гэта, — а як вы ставіцеся да свайго тагачаснага рашэння нанесці ўдар па Цхінвалі?

— Я рабіў усё, каб не было вайны, і хачу вам нагадаць, як гэта было. Пачнем з таго, што Грузія не стала б увязвацца ў вайну з-за Паўднёвай Асеціі. З-за Абхазіі — разумею, можна. Яна параўнальна вялікая, курорт, порт, вялікае змяшанае насельніцтва. Але Паўднёвая Асеція — гэта грузінскія і асяцінскія вёскі ў шахматным парадку, сорак тысяч чалавек, горы, і рэагаваць нам давялося толькі таму, што, прайшоўшы тунэль, расійская армія апынулася б на раўніне і магла пайсці куды заўгодна. Мэтай правакацыі была не Асеція і не абарона яе насельніцтва — расійская армія заўсёды ўваходзіць, каб кагосьці абараніць, вы заўважылі? — а менавіта Грузія, і нават не яна сама як такая, а як мараль для ўсіх астатніх. Проста паказаць, што бывае з тымі, хто хоча развівацца самастойна. Пуцін сам казаў спачатку, што СНД — механізм цывілізаванага разводу. Але з другога тэрміну перадумаў — у гэтым і была галоўная дынаміка.

— За што ён вас так ненавідзіць асабіста? Бо не кожнага ён абяцаў павесіць за некалькі месцаў адразу? Вы напэўна нешта сказалі ці зрабілі, чаго было ні ў якім разе нельга.

— Ды няма ў яго да мяне ніякай асабістай нянавісці. Ён планаваў пакараць Грузію даўно. Мэтанакіравана. У яго, калі вы заўважылі, спантанных рэакцый наогул не бывае, не яго стыль. І Крым ён вырашыў узяць даўно, я веру сведчанням пра тое, што гэты план даўно распрацоўваўся. Не трэба паўтараць гэтыя глупствы пра тое, што вось, калі б не Майдан, Крым быў бы ўкраінскім… Януковіч ні пры якіх абставінах, ні пры якім ціску і шантажы не перамагаў на выбарах. Значыць, перамаглі б іншыя, іх тэрмінова абвясцілі б «бандэраўцамі» і сапраўды гэтак жа адціснулі Крым. Каб я не быў бы на чале Грузіі — сцэнар быў бы той жа. А асабіста да мяне — дык нічога ён да мяне не адчувае, наогул мала цікавіцца асобамі. Прагматыкі, яны такія.

— Як вы думаеце, чаму праект «Наваросіі» аказаўся зліты — і ці зліты ён у рэчаіснасці?

— Бо Пуцін лічыў, што ў яго ўся анексія поўдня Украіны пройдзе па крымскім сцэнары. Можа быць, ён абапіраўся на занадта аптымістычныя данясенні, а можа быць, сам трапіў у эйфарыю з-за Крыма, але маштабаў украінскага супраціву ён сапраўды не ўлічыў.

Кажучы прагматычна, становячыся, так бы мовіць, на яго месца, — ён прапусціў час, бо ў красавіку, напэўна, Украіна б яшчэ як след супраціўляцца не магла. Ну ніхто ж не разумеў, у галаве гэта не ўкладвалася. У Грузіі ж таксама многія не маглі гэта ўсвядоміць. І ў красавіку, напэўна, ён мог бы параўнальна лёгка прабіць калідор на Крым, адабраўшы ўвесь поўдзень Украіны, — але гэта была б адкрытая ваенная аперацыя.

Ён рыхтаваўся, яго падштурхоўвалі, Рада федэрацыі яму гэта дазволіла, — але ён спыніўся на праекце «Наваросіі», вырашыўшы, напэўна, што так больш бяспечна. А ўкраінцы — трэба гэта ведаць — вельмі ўпартыя. Часам, ведаеце, да тупасці. Украінская армія можа трымаць абарону вельмі доўга, у безнадзейным становішчы. Усе ведалі, што іх ўзарвуць ў гэтым Данецкім аэрапорце, — а яны трымалі яго другі паверх дзесяць сутак. Хоць усе ведалі, што рана ці позна іх там узарвуць. Ім давалі калідор, а яны не сыходзілі. Іх там і ўзарвалі.

Што тычыцца праекта «Наваросіі», ніякага праекта на самай справе не было. Ёсць расійская агрэсія пры падтрымцы нязначнай — да дзесяці адсоткаў — часткі мясцовага насельніцтва. Калабарацыяністы, якія падтрымліваюць чужую агрэсію, ёсць у любы час. Часам яны абзаводзяцца дзяржаўнай сімволікай. Каб не называцца калабарантамі.

— Што б вы зараз рабілі на месцы Пуціна?

— Уяўлення не маю. Назад ужо не вернеш. А вы?

— Вам мой адказ не спадабаецца, але, па-мойму, раз ужо пачаў, трэба ісці да канца. Я б браў Марыупаль, асабліва калі б у мяне эканоміка так правальвалася…

— Так тупік там, разумееце? Там нельга ні туды, ні назад. Марыупаль узяць — гэта паўгода цяжкіх баёў. Яго ў красавіку мінулага года трэба было браць, а цяпер… Там шэсцьсот тысяч насельніцтва. Вельмі добра матываванага насельніцтва. І некалькі эшалонаў абароны, выбудаваных, дарэчы, не без грузінскага ўдзелу.

Расійская агрэсія зрабіла цуд: тыя перакананні, якіх і ў Львове не ўсе прытрымліваліся, шырока распаўсюдзіліся нават па ўсходзе, па самых традыцыйна прарускіх рэгіёнах. Украіна канчаткова зрабіла заходні выбар, яна з Расіяй у агляднай будучыні збліжацца не мае намеру.

— Якая, па-вашаму, доля Луганска і Данецка ў будучыні?

— Пасля Пуціна — я не ведаю, наколькі хутка, але адчуваецца яго вялікая, чыста механічная стомленасць, якая заўсёды бывае, калі ўсё замыкаецца на сабе, — пасля Пуціна ў Расіі будзе два-тры гады хаосу. Пасля вертыкаляў заўсёды надыходзіць смутны час, добра, калі не занадта крывавы. А далей… Паўночны Каўказ аддзеліцца, Татарыя і Башкірыя нагадаюць пра сябе, Далёкі Усход даўно імкнецца да Японіі і Кітаю… Будзе тое ж, што пасля СССР. Ну і з Луганскам, з Данецкам будзе тое ж, што з Афганістанам, калі адтуль сышлі савецкія войскі. Яны будуць украінскімі, як і былі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?