Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае спыніць крымінальны пераслед па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Злоснае хуліганства») у дачыненні да Вячаслава Касінерава, Яраслава Ульяненкава, а таксама да затрыманых Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, і неадкладна вызваліць іх з-пад варты.
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру «Вясна», 11 жніўня 2015 года супрацоўнікамі МУС былі затрыманыя пяцёра моладзевых актывістаў: Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расійскай Федэрацыі Павел (прозвішча не вядомае). Двое апошніх былі пазней вызваленыя пад падпіску аб нявыедзе, а ў дачыненні да М. Пякарскага, В. Жаромскага была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад’яўлення абвінавачвання. В. Касінераў знаходзіцца пад вартай у шпіталі, у які ён быў змешчаны з падвойным пераломам сківіцы пасля затрымання супрацоўнікамі МУС.
Падставай для крымінальнага пераследу і змяшчэння пад варту да прад’яўлення абвінавачванняў дадзеных маладых людзей стала ўзбуджэнне Упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску крымінальнай справы па ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь («Злоснае хуліганства») па факце нанясення графіці палітычнага зместу на плоце каля будынка па зав. Альшэўскага і на будынку былой вайсковай часткі па вул. Лынькова, і арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») — па факце псавання маёмасці індывідуальнага прадпрымальніка (біг-борда з выявай супрацоўнікаў міліцыі) па вул. Гарэцкага ў г. Мінску.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае наступнае:
- Напісанне графіці с надпісам «Беларусь мае быць беларускай» з выявай беларускага арнаменту, перакрэсленых свастыкі і сярпа з молатам, а таксама з надпісам «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…» з выявай чалавека з бутэлькай у руце, не маюць на мэце парушэння грамадскага парадку і не выказваюць яўнай непавагі да грамадства, не ўтрымліваюць прапаганду нацыянальнай, рэлігійнай, расавай, сацыяльнай ці іншай варожасці. Характар і змест учыненых надпісаў сведчыць аб адсутнасці хуліганскіх матываў у дзеяннях асобаў, якія іх учынілі і, адпаведна, аб адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч. 2. арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь.
- Раследванне крымінальнай справы, узбуджанай па прыкметах арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь, павінна адбывацца ў межах, вызначаных Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксамі Рэспублікі Беларуь з улікам таго, што дадзенае злачынства адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі і не прадугледжвае магчымасці ўтрымання пад вартай падазраваных у яго здзяйсненні. Акрамя таго, пытанне аб кампенсацыі нанеснай шкоды можа быць разгледжана ў грамадзянска-прававым парадку.
- Дзеянні супрацоўнікаў МУС, якія ажыцяўлялі затрыманне ўказаных асобаў з выкарыстаннем фізычнай сілы і спецсродкаў, насілі відавочна непрапарцыйны і жорсткі характар і прычынілі фізічныя пашкоджанні затрыманым.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» заяўляе, што:
- утрыманне М. Пякарскага і В. Жаромскага пад вартай па падазрэнні ў здзяйсненні імі злоснага хуліганства з’яўляецца незаконнай і непрапарцыйнай мерай;
- утрыманне пад вартай М. Пякарскага і В. Жаромскага ажыцяўляецца пры адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 КК у іх дзеяннях;
- наяўнасць палітычных матываў у дзеяннях органаў дзяржаўнай улады, скіраваных на ўмацаванне ўлады суб’ектамі ўладных паўнамоцтваў, дазваляюць кваліфікаваць М.Пякарскага і В. Жаромскага як палітычных зняволеных;
- гэтыя дзеянні ўладаў адбываюцца ў перыяд правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, носяць дэманстратыўны харакар і відавочна маюць на мэце прадухіленне магчымых акцый грамадзянскай актыўнасці, асабліва ў моладзевым асяродку.
Правабарончы цэнтр «Вясна» патрабуе:
- неадкладна перагледзіць прынятыя ў дачыненні да М. Пякарскага і В. Жаромскага працэсуальныя меры, скіраваныя на іх ізаляцыю, і вызваліць іх з-пад варты;
- спыніць крымінальны пераслед М.Пякарскага, В. Жаромскага, В.Касінерава, Я. Ульяненкава па ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь у сувязі з адстутнасцю складу дадзенага злачынства ў іх дзеяннях;
- гарантаваць выкананне ўсіх працэсуальных правоў на перыяд вядзення раследвання, у тым ліку права на абарону і свабоду ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжання;
- правесці належнае раследванне фактаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да затрыманых і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.
Чытайце: