У першай палове 2015 года продаж расійскай сельгастэхнікі ў Беларусі зменшыўся на 33% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, гаворыцца ў паведамленні расійскай асацыяцыі вытворцаў сельгастэхнікі «Расаграмаш». 

Паводле звестак асацыяцыі, Беларусь — адзіны экспартны рынак, на якім сёлета скараціўся продаж расійскай сельгастэхнікі. 

«У асацыяцыі «Расаграмаш» гэта тлумачаць дыскрымінацыйным стаўленнем рэспублікі да расійскай прадукцыі сельгасмашынабудавання, адміністрацыйным націскам на беларускіх сельгасвытворцаў, якім фактычна забаранілі набываць расійскую сельгастэхніку», — падкрэсліваецца ў паведамленні «Расаграмаша». Асацыяцыя аб'ядноўвае 110 арганізацый, на долю якіх прыпадае больш за 80% прадукцыі сельгасмашынабудавання, вырабленай у Расіі. 

У той жа час, паводле звестак асацыяцыі, на іншых кірунках экспарт расійскай сельгастэхнікі ў першай палове 2015 года значна вырас. 

Так, пастаўкі расійскай сельгастэхнікі ў Германію, Францыю, Балгарыю, Турцыю, Канаду і Азербайджан за шэсць месяцаў 2015 года, у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года, выраслі ў тры разы. У два разы экспарт расійскай сельгастэхнікі вырас у Казахстан, Манголію і Таджыкістан. 

«Мы бачым рост попыту на расійскую прадукцыю практычна на ўсіх рынках — Еўропы, Азіі, Закаўказзя. І ў гэтым заслуга нашых айчынных вытворцаў, якія вырабляюць машыны, што не саступаюць па сваіх тэхнічных характарыстыках замежным машынам, а па эканамічных паказчыках іх нават перасягаюць», — пракаментаваў вынікі першага паўгоддзя дырэктар асацыяцыі «Расаграмаш» Яўген Карчавой. 

У вартасным выражэнні аб'ём экспарту расійскай сельгастэхнікі склаў у першым паўгоддзі 3,8 млрд. расійскіх рублёў, што ў два разы больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. 

Між іншым экспарт беларускай сельгастэхнікі сёлета значна знізіўся. Так, паводле звестак за студзень—май 2015 года, экспарт беларускіх машын для падрыхтоўкі і апрацоўкі глебы склаў 4.546 адзінак і знізіўся на 28,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?