У мінскіх мікрараёнах Каменная Горка і Брылевічы плануецца пабудаваць тралейбусныя лініі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 1 ліпеня начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Аляксандр Капцюх.
Паводле яго слоў, «развіццю гарадскога электрычнага транспарту з кожным годам надаецца ўсё больш увагі, улічваючы будаўніцтва Беларускай АЭС і экалогію».
Чыноўнік паведаміў, што сёння праектуюцца тралейбусныя шляхі ў мікрараёнах Каменная Горка і Брылевічы. «Сёлета рэалізацыі такога маштабнага праекта не прадугледжана, вядуцца толькі праектныя работы», — сказаў Капцюх. Лініі будуць будаваць у 2016—2017 гадах.
Спецыяліст таксама паведаміў, што прынятае рашэнне аб скасаванні дагавора з інвестарам, які абяцаў пабудаваць тралейбуснае дэпо ў мікрараёне Уручча. «Горад дэпо забірае, правядзе мінімальныя будаўнічыя работы і здасць аб'ект у эксплуатацыю», — сказаў Капцюх.
Ён адзначыў, што гарадскімі ўладамі даўно было прынятае рашэнне аб мадэрнізацыі існай трамвайнай інфраструктуры.
«Белкамунмаш» у стане выпускаць высокамабільны рухомы склад, які можа і павінен працаваць на якасных пуцях. Не мадэрнізуючы іх, немагчыма развіццё гэтага віду транспарту. Сёння рамантуюцца пуці на вуліцы Казлова, у планах — Ульянаўская, праспект Машэрава (ад Куйбышава да Чырвонай), разварот на Змітрака Бядулі», — паведаміў спецыяліст. Паводле яго слоў, работы вядуцца паводле сучасных тэхналогій, і «закрыццё трамвайных пуцей для рамонту сыдзе на гады».