Па меншай меры дзевяць чалавек загінулі ў выніку паводкі ў ноч на нядзелю ў сталіцы Грузіі Тбілісі.
Шматгадзінны лівень прывёў да падтаплення некалькіх раёнаў горада: затопленыя двары, першыя паверхі і падвалы сотняў дамоў, падземныя пераходы.
З затопленага заапарка збеглі, у тым ліку, шэсць львоў, шэсць тыграў, сем мядзведзяў і 13 ваўкоў. Частка з іх была забітая спецназам, частку атрымалася ўсыпіць і вярнуць у заапарк. У самым заапарку загінулі некалькі дзясяткаў жывёл.
Мэр Тбілісі Давід Нарманія заклікаў жыхароў не выходзіць на вуліцы і паведамляць пра заўважаных драпежнікаў.
Найбольш складанай сітуацыя ў Тбілісі застаецца ў раёне трасы Ваке-Сабуртала, дзе ноччу былі затопленыя прыватныя жылыя пабудовы ў цясніне ракі Верэ. МУС Грузіі заяўляе, што пакуль невядомы лёс каля 10 чалавек.