Сэр Крыстафер Лі ў ролі Сарумана ў трылогіі «Хобіт»

Сэр Крыстафер Лі ў ролі Сарумана ў трылогіі «Хобіт»

Англійскі акцёр сэр Крыстафер Лі памёр у нядзелю, 7 чэрвеня ў шпіталі Чэлсі і Вэстмінстара (Вялікабрытанія), паведамляе Daily Telegraph са спасылкай на сям’ю акцёра. У шпіталі ён тры тыдні праходзіў лекаванне ад рэспіраторных праблем і сардэчнай недастатковасці. Яго жонка адклала публічнае абвяшчэнне да таго, пакуль не паведаміць усім родзічам аб смерці мужа.

За 93 гады жыцця сэр Крыстафер Лі выканаў ролі шэрагу культавых злодзеяў: Сарумана ва «Уладары Пярсцёнкаў» і «Хобіце» ды графа Дуку ў «Зорных Войнах», графа Дракулы, Распуціна ды ворага Джэймса Бонда ў «Чалавеку з залатым пісталетам».

Таксама ён выканаў ролю Шэрлака Холмса ў фільме 1962 года, затым брата Шэрлака ў 1970-м. Агулам яго фільмаграфія налічвае дзве сотні поўнаметражных стужак і шэсць дзясяткаў тэлефільмаў і серыялаў. Роля Сарумана ў «Хобіт. Бітва Пяці войскаў» стала адным з апошніх яго з’яўленняў на экране.

Акрамя кіно сэр Крыстафер Лі займаўся цяжкой музыкай: на яго рахунку чатыры поўнафарматных метал-альбомы, тры міні-альбомы і тры сінглы, у тым ліку дзве складанкі пякельных калядных песень. Апошнія запісы выдадзеныя ў 2014 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?