Супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры атрыманні хабару ў памеры 4 тысяч еўра затрыманы з доказамі злачынства начальнік аддзела арганізацыі рамонту авіяцыйнай тэхнікі Дзяржаўнай аварыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, паведамляе афіцыйны сайт КДБ.

Устаноўлена, што ў перыяд з 2013 па 2015 год службовая асоба МНС за незаконнае грашовае ўзнагароджанне ў памеры 10 працэнтаў ад сумы кантракта ў інтарэсах асобных расійскіх камерцыйных структур арганізавала правядзенне тэндараў на закупку авіяцыйных запчастак па завышаным кошце. Пры яго ўдзеле заключана больш за 20 дагавораў на агульную суму звыш 25 млн расійскіх рублёў, 44 тысяч даляраў ЗША і 39 тысяч еўра.

У выніку праведзеных аператыўных мерапрыемстваў устаноўлены канал атрымання супрацоўнікам МНС хабараў, з дапамогай так званых «кур'ераў», якіх затрыманы выкарыстаў «уцёмную» для перавозкі грашовых сродкаў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

У дачыненні да службовай асобы МНС распачатая крымінальная справа па ч.2. арт. 430 (атрыманне хабару ў буйным памеры) Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У ходзе неадкладных следчых дзеянняў у дэпазітарнай ячэйцы фігуранта знойдзена і канфіскавана наяўных грашовых сродкаў на суму 89 900 даляраў ЗША, 20 тысяч еўра і 900 тысяч расійскіх рублёў.

Для далейшага расследавання крымінальная справа перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0