17 мая ў Гомелі знайшлі целы дзвюх зніклых дзяўчат. Аляўціну шукалі з мінулай пятніцы, Алесю — з 15 ліпеня 2014.

Аляўціна. Фота з сацыяльных сетак.

Аляўціна. Фота з сацыяльных сетак.

15 мая ў міліцыю звярнуўся гамяльчук, які паведаміў, што ў 6.00 яго жонка Аляўціна паехала на працу, але да прадпрыемства не даехала. Неадкладна пачаліся пошукі 26-гадовай дзяўчыны. Аператыўнікі звярнулі ўвагу, што пры падобных абставінах знікла 15 ліпеня 2014 года і калега Аляўціны — 24-гадовая Алеся. Дзяўчаты разам працавалі на прадпрыемстве «Шклалюкс».

І 17 мая затрымалі 32-гадовага гамельчука, таксама работніка ААТ «Шклалюкс». Мяркуецца, што ў абодвух выпадках мела месца згвалтаванне, а пасля забойства. Прапаноўваў падвезці, а пасля вёз у свой гараж, дзе ўсё і адбывалася.

Выйшлі на падазраванага дзякуючы аўтамабілю, на якім ён падвозіў дзяўчыну. Адсачылі. А на месцы забойства высветлілася, што ў гэтай соце мабільнага аператарата знікла і Алеся. Затрыманы расказаў і пра яе забойства.

Алеся (злева). Фота з сацыяльных сетак.

Алеся (злева). Фота з сацыяльных сетак.

Закапаны труп Аляўціны знайшлі непадалёк ад ракі Іпуць. Цела Алесі — у лесе за пяць кіламетраў ад Гомеля.

Падазраваны раней судзімы за разбой — у 2007 годзе ён, пагражаючы нажом, патрабаваў у дзяўчыны грошы. Тады яго пасадзілі на тры гады. Але вызваліўся ўмоўна-датэрмінова. У яго ёсць жонка і трохгадовае дзіця.

«Сяргей. Не вельмі такі камунікабельны, спакойны, ветлівы, не надта гаваркі, — Любоў, калега забітых, ведае затрыманага. — Гэта быў шок для ўсіх. Алеся знікла амаль год таму, але да сёння гэтая тэма была актуальнай. Добрыя дзяўчаткі».

Працавалі дзяўчаты на ўпакоўцы прадукцыі. Там жа працаваў і Сяргей. «На участку блізка з Алячкай».

«Аля — светлы чалавек, добры, чулы, ніколі не ішла на канфлікт. Заўжды прыходзіла на дапамогу, — кажа пра сяброўку Юльяна. — Мы ўсё дзяцінства былі разам. Яна замуж выйшла, але я не была знаёмая з яе мужам. Дзяцей у іх не было».

У сям’і Аляўціны больш дзяцей не было. «Яна адна, і мама яе памерла. Бацька? Не ведаю дзе ён цяпер».

Заведзена крымінальная справа за двайное забойства. Следчыя не выключаюць, што ахвяр магло быць больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?