Незалежнага журналіста з Мінска вінавацяць у працы без акрэдытацыі на замежны СМІ пры падрыхтоўцы сюжэта ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці.

У міліцыю журналіста выклікалі ў суботу, 25 красавіка.

– У пятніцу да мяне дахаты прыйшлі міліцыянты і пад подпіс ўручылі мне позву з’явіцца ў аддзяленне міліцыі ў Фаніпалі. У суботу ў фаніпальскім пастарунку міліцыянты паказалі мне раздрукоўкі з сайта «Белсата» з нядаўнім інфармацыйным сюжэтам.

Сюжэт тычыўся грамадскага абмеркавання забудовы ў Фаніпалі, на якое мяне 17 красавіка разам з іншымі журналістамі не хацелі пускаць міліцыянты. Тады яны праверылі ў нас дакументы і перапісалі дадзеныя, а цяпер прапанавалі даць тлумачэнні адносна сюжэта, – распавёў Сяргей Краўчук прэс-службе ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Даваць тлумачэнні міліцыянтам сп. Краўчук адмовіўся. У выніку супрацоўнікі міліцыі заявілі, што завялі супраць яго адміністрацыйную справу па артыкуле 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і перадаюць яе ў суд. Па словах міліцыянтаў, разглядаць справу журналіста будзе неўзабаве суд Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Сёлета беларускіх журналістаў ужо 12 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле ўжо перасягнула суму ў 60 мільёнаў рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?