Нечаканы выбух эмоцый, які спарадзіў нават не сам гэты тэкст, а адна негалоўная думка ў ім, вымушае мяне вярнуцца да тэмы. Паўсотні каментаў толькі ў адной галіне дыскусіі на Facebook, узаемныя абразы і непазбежны пераход на асобы («А хіба ваш дзед не быў камуністам, Віктар?» Дык не! Не быў! Мой дзед праз прынцыповы характар быў прыбраны з хлебнай пазіцыі бухгалтара ў калгасе прыкладна ў тым узросце, у якім я цяпер; астатняе жыццё працаваў аграномам, у партыі не значыўся!) — дык вось, усе гэтыя жарсці даказваюць: адносіны беларусаў з СССР ёсць траўмай, балючай траўмай.

Частка людзей бачыць гэтую траўму, астатнія ж пра яе баяцца нават згадваць, як згвалтаваная пазбягае прыпамінаць пра гвалт: вопыт знаходзіцца ў прыцемках свядомасці, варушыць і тым больш аналізаваць яго страшна.

І нягледзячы на тое, што задавацца пытаннем, вынесеным у загаловак, — гэтаксама дзіўна, як пытацца, якая карысць была ад таго гвалту (пашырэнне сэксуальнага досведу; знаёмства з падзеяй, горш за якую ўжо не можа быць у жыцці, і г. д.), я прапаную спакойна разабрацца з тым, што даў і што забраў у нас СССР.

Добрае:

  1. Стварэнне дзяржаўнасці ў наяўных геаграфічных межах. Рэспубліка Беларусь адбылася як суверэннае ўтварэнне — упершыню пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.
  2. Ліквідацыя сацыяльнай няроўнасці. Замест галечных сялян і заможных паноў узнікла новае грамадства, дзе кожны мог спадзявацца на жытло, хай сабе і ў выглядзе пакоя ў сямейным інтэрнаце.
  3. Захаванне і музеефікацыя абранай і ўзгодненай з Масквой гістарычнай спадчыны. Навагрудак, Мірскі замак ды іншыя іканічныя помнікі былі захаваныя з дапамогай вялікіх савецкіх грошай.
  4. Народная асвета. Закладка бібліятэк нават у аддаленых вёсках.
  5. Бясплатная адукацыя.
  6. Бясплатная медыцына.
  7. Індустрыялізацыя. Пабудова буйных заводаў, якія інакш ніколі не ўзніклі б тут: МАЗ, БелАЗ, МТЗ. Яны былі гонарам не толькі БССР, але і ўсяго Саюза.
  8. Меліярацыя, засваенне тых зямель на Палессі, якія дагэтуль не былі прыдатныя для сельскай гаспадаркі.
  9. Арганізацыя інфраструктуры здабычы калійных угнаенняў. Беларусь карыстаецца яе фрагментамі дагэтуль.
  10. Скасаванне царскай манархіі і ўсталяванне «савецкай дэмакратыі», пры якой органы ўлады абіраліся народам, хай сабе і фармальна.
  11. Развіццё мовы і культуры. Упершыню за 200 гадоў на беларускай мове пачалі легальна выдавацца кніжкі, з’явіліся празаікі і паэты, шырока дапушчаныя да чытача. Асобныя з іх, напрыклад, Якуб Колас, уваходзілі ў органы ўлады, мелі шанец звяртацца да нацыі і ўплываць на культурную палітыку. На беларускай мове выкладаліся прадметы ў ВНУ, арыентаваных на культуру: Тэатральна-мастацкім інстытуце і Інстытуце культуры. У 1960-я на мове выдаваліся нават школьныя падручнікі, у тым ліку па негуманітарных спецыяльнасцях. Без БССР не было б мулявінскіх «Песняроў».
  12. Вызваленне нашай тэрыторыі ад фашызму.

Дрэннае:

  1. ССРБ, а потым БССР прыйшлі на замену сапраўды нацыянальнай дзяржаве, незалежнай ад СССР, якой мела шанец стацца БНР. Дзяржаўнасць БССР была няпоўнай, фактычна нам дэлегаваўся статус федэратыўнай адзінкі, з усімі наступствамі, якія расхлёбваем дагэтуль.
  2. Так, паноў тут не засталося, але не засталося і гаспадароў. Прынцып «усё вакруг калхознае — ўсё вакруг маё». Знікненне праз эміграцыю ці рэпрэсіі сапраўднай арыстакратыі (лёс Радзівілаў ды іх спадчыны).
  3. Музеі сталі адным з кірункаў саветызацыі: у кожным маленькім гарадку піянер ля стэнду «Жыццё сялян да Кастрычніцкай рэвалюцыі» мог упэўніцца, што да Леніна тут былі лапці, лебяда і драўляныя сохі. Пра віленскае барока і Статут ВКЛ савецкія музеі прапанавалі забыцца.
  4. Ці патрэбная была тая ленінская асвета? У адрозненне ад пэўных рэгіёнаў Расіі, насельніцтва ў беларускіх гарадах было адукаванае і начытанае. Пруф — «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі» Сяргея Пясэцкага.
  5. Бясплатная адукацыя. І абавязковае размеркаванне, савецкі ВАК, ідэалогія замест ведаў.
  6. Бясплатная медыцына. І чэргі ў паліклініках, прусакі і пах кіслай капусты ў шпіталях.
  7. Згаданая індустрыялізацыя была каланіяльна-хваравітай: суверэннай еўрапейскай Беларусі, не прылепленай да савецкага рынку, такая колькасць трактароў і грузавікоў непатрэбная.
  8. Меліярацыя прывяла да экалагічных наступстваў. Пасля яе сканчэння выявілася, што на торфе ні халеры не расце. Цяпер Беларусь марнуе да 3 млрд рублёў у год на паўторнае забалочванне.
  9. Вільня, якую мы страцілі назаўсёды. Краіна жыве з вырваным сэрцам.
  10. «Савецкая дэмакратыя» ўкараніла тут думку пра тое, што ўлада — не ад Бога, а ад выканкаму. Спаборнічаць за яе, калі цябе не ўпаўнаважылі КДБ і ідэалагічны аддзел, — шукаць праблемы на галаву.
  11. Аднолькава-панылыя хрушчоўкі, якія назаўсёды скалечылі выгляд беларускіх гарадоў.
  12. Тая самая ноч на 30 кастрычніка 1937 года, калі ў турме НКВД былі знішчаныя 130 празаікаў, паэтаў і вучоных. Сярод іх — Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, людзі, якія мелі шанец назаўсёды змяніць контуры нашай прозы.
  13. Русіфікацыя, тэмпы якой апярэджвалі дэкаратыўнае захаванне беларускай культуры ў спецыяльных установах. Ператварэнне мовы ў прыкмету «калгаснасці» і «вясковасці».
  14. Знішчэнне гістарычнага цэнтра Мінска. Пра тое, як гэтаму спрабавалі супрацьстаяць, гл., напрыклад у «Аўтамаце з газіроўкай» Уладзіміра Някляева. Пачытайце і забудзьцеся на міф, што быццам «гістарычны Мінск быў зруйнаваны Другой сусветнай вайной».
  15. Вайна ў Афганістане, у якой Беларусь дакладна б не ўдзельнічала сама. Падрабязнасці гл. у «Цынкавых хлопчыках» С. Алексіевіч.
  16. Пазбаўленне нацыі сапраўднай гісторыі, ліквідацыя памяці пра самыя прыгожыя эпізоды мінуўшчыны, насаджэнне адчування, што нам няма чым ганарыцца, апрача партызанаў, зуброў і буслоў.
  17. Вуліцы Леніна, Маркса, Дзяржынскага, Сувораўская вучэльня і тыя мазгі, якія гэта ўсё супольна гадуе.
  18. 1939 год.
  19. Парк Горкага. Парк Чалюскінцаў. Адсутнасць парка Гарэцкага, парка Багдановіча.
  20. Чарнобыль. І яшчэ раз: Чарнобыль.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0