Сёлетні конкурс «Містэр гей свету» праходзіць у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. За тытул будуць змагацца 23 удзельнікі. Беларусь не бярэ ўдзел у конкурсе. Але прадстаўнік Італіі Арцём Крыстафара — ураджэнец Мінска. Сам хлопец кажа, што ён напалову італьянец, напалову беларус.
У сямігадовым узросце Арцёма ўсынавіла італьянская сям'я. З таго часу ён жыў у італьянскім горадзе Бары. У Беларусі ў яго засталіся біялагічная маці, а таксама яго брат і сястра.
22-гадовы Арцём навучаецца ва ўніверсітэце. Апошнія месяцы па абмене вучыўся ў Польшчы.
Галоўнай мэтай свайго ўдзелу ў конкурсе хлопец назваў барацьбу з гамафобіяй.
Конкурс «Містэр гей свету» пройдзе 26 красавіка. На сайце конкурсу ідзе галасаванне.