Знойдзеныя сляды падзення метэарыта. Выява: A.Y. Glikson et al

Знойдзеныя сляды падзення метэарыта. Выява: A.Y. Glikson et al

Аўстралійскія навукоўцы знайшлі пацверджанні падзення на Зямлю 300-600 млн гадоў таму гіганцкага метэарыта, распавядае From Quarks to Quasars.

Кратар у раёне Уорбертан утварыўся ад удару аб Зямлю метэарыта дыяметрам 20 км — у два разы большым за той, які, паводле адной з тэорый, забіў дыназаўраў.

Раней званне найвялікшага кратару Зямлі меў кратар Врэдэфарт (Vredefort Crater) у Паўднёвай Афрыцы дыяметрам у 300 км. Некаторыя кажуць, што ён дагэтуль найвялікшы. Праўда, кратар у Аўстраліі можна разглядаць як два суседнія кратары дыяметрам па 200 км кожны. Мяркуецца, што метэарыт, што іх утварыў, раскалоўся на два незадоўга да ўдару.

Першыя звесткі пра магчымае існаванне кратару з’явіліся ў 2013 годзе — тады аналіз глебы рэгіёна навёў на думку пра магчымае падзенне метэарыту.

У 2015 г. навукоўцы правялі дадатковы аналіз глебы і знайшлі ў яе структуры сляды масіўнага ўдару. Са слядоў на камянях былі выведзеныя дыяметр кратару і яго прыкладны ўзрост, даследаванне апублікаванае ў часопісе ScienceDirect.

Навукоўцы маюць тэорыі аб існаванні на Зямлі яшчэ большых кратараў — 500-кіламетровых у Канадзе, Індыі і Антарктыдзе ды 600-кіламетровага на поўначы Аўстраліі. Але надзейных доказаў іх існавання няма.

Адносна кратару ў Аўстраліі таксама ёсць сумневы. Навукоўцы пакуль не бачаць выразнага ўплыву ўдару метэарыта на развіццё жыцця на Зямлі (такі ўдар мусіў бы выклікаць масавае выміранне).

Наступныя раскопкі і даціроўкі могуць звязаць кратар з адным з масавых выміранняў, што адбыліся 300-600 млн гадоў таму (напрыклад, Дэвонскім 374 млн гадоў таму альбо Ардавікска-сілурыскім 450 млн гадоў таму).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?