Вярхоўная Рада Украіны на сваёй пазачарговай сесіі ў аўторак ухваліла заяву аб прызнанні Расіі дзяржавай-агрэсарам.

У сваім звароце дэпутаты заклікаюць парламенты краін свету і міжнародныя арганізацыі таксама прызнаць Расійскую Федэрацыю дзяржавай-агрэсарам і ўзмацніць ціск на яе.

Акрамя таго, Рада звярнулася да міжнароднай супольнасці з просьбай прызнаць самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую «народныя рэспублікі» тэрарыстычнымі арганізацыямі.

У заяве ўкраінскага парламента гаворыцца, што Расія падтрымлівае тэрарызм і блакуе дзейнасць Савета Бяспекі ААН, чым ставіць пад пагрозу міжнародны мір і бяспеку.

«З пачатку агрэсіі ў канцы лютага 2014 г. Расійская Федэрацыя сістэматычна парушае нормы міжнароднага права, правы чалавека, у тым ліку права на жыццё мірных грамадзян Украіны, якія сталі закладнікамі тэрарыстаў на акупаванай тэрыторыі Данбаса», — гаворыцца ў заяве Рады.

У заяве згадваецца заключэнне назіральнай місіі АБСЕ, паводле якога ракетны абстрэл Марыупаля ў мінулую суботу ажыццяўляўся з тэрыторыі, падкантрольнай прарасейскім сепаратыстам.

«Гэтыя трагічныя падзеі пацвярджаюць, што Расія і тэрарысты, якіх яна падтрымлівае, не жадаюць выконваць Мінскія дамоўленасці, якія сёння застаюцца адзінай міжнародна прызнанай асновай для мірнага ўрэгулявання», — заяўляюць украінскія дэпутаты.

«Заклікаем міжнародную супольнасць прызнаць факт агрэсіі супраць Украіны, акупацыю яе тэрыторыі і ўзмацніць патрабаванні адносна вяртання да міжнародна прызнаных межаў».

За прыняцце дакумента прагаласаваў 271 дэпутат Рады з 289 зарэгістраваных.

У сваім звароце ўкраінскі парламент таксама папрасіў Парламенцкую асамблею Савета Еўропы (ПАСЕ) абмежаваць паўнамоцтвы расейскай дэлегацыі.

«Юрыдычнае прызнанне ў якасці дзяржавы-агрэсара цягне за сабой наступствы, абумоўленыя ў рэзалюцыі ААН 1974 і ў Хартыі ААН», — заявіў, звяртаючыся да дэпутатаў перад пачаткам галасавання лідар Радыкальнай партыі Алег Ляшко.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?