Tut.by
У татальнай праверцы школьнікаў на нарказалежнасць няма неабходнасці. Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў у інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» вечарам 25 студзеня.
«Праверка на наркатычную залежнасць, на мой погляд, неабходная тады, калі самі бацькі гэтага папросяць або педагогі параяцца з бацькамі, скажуць бацькам звярнуць увагу, ці педагогі ўбачаць, што нешта з дзецьмі не тое адбываецца. Тады, параіўшыся з псіхолагамі, дактарамі можна правесці такую праверку, а вось татальную праверку я б не рызыкнуў уводзіць», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Пра тое, што методыкі тэставання дзяцей на прадмет ужывання наркотыкаў ўжо дастаўленыя ва ўстановы адукацыі на прэс-канферэнцыі 14 студзеня паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Алена Галаўнёва.
Паводле яе слоў, Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам адукацыі распрацаваныя алгарытм правядзення тэставання дзяцей ва ўстановах адукацыі на прадмет ужывання наркотыкаў і псіхатропаў.
«Гэтыя мерапрыемствы будуць праводзіцца з абавязковай згоды законных прадстаўнікоў дзяцей, з паведамленнем. Ужо дастаўленыя на месцы гэтыя методыкі», — сказала Алена Галаўнёва.
Мяркуючы па яе словах, масіраванай адпрацоўкі навучальных устаноў не плануецца — тэставанне будзе праводзіцца па меры неабходнасці, у індывідуальным парадку.