У гэтым годзе адзначаецца 70-я гадавіна вызвалення савецкімі войскамі самага вялікага нацысцкага лагера смерці Аушвіц-Біркенау (па-польску вядомага як Асвенцім). У 2005 Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб тым, што 27 студзеня – у дзень вызвалення Аушвіц-Біркенау — будзе адзначацца Міжнародны дзень памінання ахвяраў Халакосту.

Афіцыйныя прадстаўнікі 38 краінаў маюць узяць удзел у мерапрыемствах 27 студзеня.

Узровень самы розны: амбасадары (Аргенціна, Кіпр, Эстонія), прадстаўнікі манархій (Бельгія, Данія, Нарвегія, Нідэрланды, Швецыя), кіраўнікі краін (Аўстрыя, Германія, Украіна). Расія павысіла свой узровень з амбасадара ў Польшчы да намесніка прэм’ер-міністра Сяргея Іванова.

Да гэтага часу Беларусь на мерапрыемствах у Аушвіцы не прадстаўляе ніхто. Невядома, ці такое прадстаўніцтва будзе ўвогуле.

Арганізатары стварылі анлайнавую мапу мерапрыемстваў, прысвечаных гадавіне вызвалення Аушвіца, якія праводзяцца па ўсім свеце. На сёння ў гэтым пераліку пазначаны 32 краіны разам з апісаннем запланаваных мерапрыемстваў, часта іх праводзіцца больш за адно. Беларусь не пазначана і ў гэтым пераліку. Гэта не азначае, што такія мерапрыемствы ў Беларусі не запланаваны, аднак стваральнікам мапы пра гэта нічога невядома. Адпаведную інфармацыю можна даслаць ім наўпрост і яна будзе дадзена да агульнага пераліку.

У сацыяльных сетках шмат абмяркоўваюць абставіны непрыезду Пуціна на мерапрыемствы ў Аушвіцы. Аднак ніхто больш не задаецца пытаннем пра прадстаўленасць Беларусі ці, дакладней, яе адсутнасць. Шматгадовая самаізаляцыя рэжыму Лукашэнкі адвучыла ад думкі, што кіраўнік дзяржавы павінен прысутнічаць на такіх мерапрыемствах. У мінулым годзе Беларусь гэтаксама не брала ўдзел у мерапрыемствах з нагоды 70-й гадавіны высадкі войскаў саюзнікаў у Нармандыі. Выглядае, што і перад беларускай дыпламатыяй такія задачы не ставяцца. Пры належнай настойлівасці атрымаць запрашэнне для амбасадара ці прадстаўніка парламента не з’яўляецца невырашальнай праблемай.

Адсутнасць афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі на мерапрыемствах у Аушвіцы – ганебны факт, які павінен быць выпраўлены.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?