Следчым камітэтам устаноўленыя акалічнасці захопу закладніка ў ГЦ «Шчасце» ў Мінску, паведамляе сайт Следчага камітэта.

Устаноўлена, што 1 кастрычніка 2014 г. мужчына, 1991 г.н., знаходзячыся ў ГЦ «Шчасце», пранік у абменны пункт валют, уштурхнуўшы супрацоўніцу банка назад у памяшканне ў той час, калі яна выходзіла на абед. Пагражаючы касіру прадметам візуальна падобным на пісталет, завалодаў грашовымі сродкамі банка, аднак пакінуць памяшканне абменнага пункта не змог па незалежных ад яго акалічнасцях.

У наступным, знаходзячыся ў памяшканні абменнага пункта валют і ўтрымліваючы ў якасці закладніка касіра, 1995 года нараджэння, ён патрабаваў у супрацоўнікаў міліцыі забяспечыць яго бесперашкодны сыход з выкрадзенымі грашовымі сродкамі.

Тры гадзіны перамоў вынікаў не прынеслі, у сувязі з чым было прынята рашэнне аб правядзенні сілавой аперацыі. У выніку прафесійных дзеянняў супрацоўнікаў СПБТ «Алмаз» падазраваны быў абясшкоджаны. Закладніца падчас захопу не пацярпела, ёй была аказана псіхалагічная дапамога.

У ходзе расследавання крымінальнай справы следчымі праведзены вычарпальны комплекс следчых дзеянняў, накіраваны на высвятленне абставінаў здарэння: вывучаныя запісы камер відэаназірання, дапытаныя дзясяткі сведак.

Згодна з заключэннем балістычнай экспертызы, прадмет, які знаходзіўся ў руках у нападніка, з'яўляецца пнеўматычным пісталетам вонкава цалкам ідэнтычным баявому пісталету сістэмы Макарава.

Пасля поўнага і дэталёвага вывучэння ўсіх абставінаў следствам прынята рашэнне аб спыненні крымінальнай справы ў сувязі са смерцю асобы, што здзейсніла грамадска-небяспечнае дзеянне, гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0