Першым віцэ-прэм'ерам прызначаны Васіль Мацюшэўкі. Ён заняў месца Уладзіміра Сямашкі, які спусціўся на прыступку ніжэй, цяпер ён проста віцэ-прэм'ер.
Васіль Мацюшэўскі нарадзіўся ў 1969 годзе ў Оршы. Пасля заканчэння БДУ па спецыяльнасці «Палітычная эканомія» (1991) ён паступіў у аспірантуру. Па выніках навучання Мацюшэўскі абараніў у 1995 годзе кандыдацкую дысертацыю па тэме «Канцэптуальныя асновы фарміравання знешнеэканамічнай палітыкі Беларусі».
Скончыўшы ўніверсітэт, Мацюшэўскі пабыў па паўгода начальнікам аддзела ў НПА «Фенікс» і навуковым супрацоўнікам у НІІ Дзяржплана, а пасля ўладкаваўся трэцім сакратаром аддзела міжнародных эканамічных адносінаў у МЗС Беларусі.
У красавіку 1994 ён прыйшоў у Нацбанк. Тут ён затрымаўся да 2010 года з перапынкам на год працы дарадцам у міністэрстве фінансаў.
У Нацбанку Мацюшэўскі спачатку быў галоўным эканамістам аддзела, а з цягам часу дарос да намесніка старшыні праўлення.
Вось ягоны здымак за пачатак 2000-ых:
Мацюшэўскі курыраваў пытанні прыцягнення замежных інвестыцый у банкаўскую сістэму, а таксама кіраванне золатавалютнымі рэзервамі.
Паводле чутак, банкір быў на кароткай назе з Віктарам Лукашэнкам і выконваў ролю нефармальнага фінансавага дарадцы прэзідэнцкай сям'і.
У 2010-м Мацюшэўскі сышоў кіраваць беларускім падраздзяленнем расійскага «Сбербанка». На пасадзе старшыні праўлення «БПС-Сбербанка» ён і заставаўся да прызначэння ва ўрад.
Мацюшэўскі цяпер. Фота tut.by.
Як і іншыя былыя намеснікі Пятра Пракаповіча па Нацбанку, Мацюшэўскі атрымаў участак непадалёку ад Драздоў, у «пасёлку банкіраў». На гэтых 0,11 га і стаіць катэдж новага першага віцэ-прэм'ера.