Музыкі кажуць, што новую працу варта ўспрымаць як заклік.
У Brutto зноў новы сінгл. Ён мае назву «Будзь смелым» і складаецца з двух трэкаў: уласна «Будзь смелым» — новага, напісанага на верш Янкі Купалы, і свежай версіі «ляпісаўскай» песні «Священный огонь» з крычалкамі і спартовым запалам.
Сяргей Міхалок і кампанія кажуць, што сінгл варта ўспрымаць як заклік:
«Будзь смелым, калі ідзеш за сваёй марай, і будзе з табой святы агонь».
Песню «Будзь смелым» музыкі таксама суправадзілі lyric-відэа, піша «Еўрарадыё».
Верш «Будзь смелым!» Янка Купала напісаў у 1913 годзе.
Будзь смелым!.. Магутна ярмо друзгачы!
Ідзі сам наперад, другіх ведучы!
Будзь смелым!.. Не вер у людскую брахню,
Вер толькі ў адвагу і сілу сваю!
Будзь смелым, хоць путалі б злыдні ўвакруг, —
Адважным ваякам не страшны ланцуг!
Будзь смелым, як вецер, як воля сама!
Знай, смелых не чэпе ні крыўда, ні цьма!
Будзь смелым, як бура, што крышыць дубы,
А будзе твой верх, тваё права ўсягды!
Пра ўзнікненне гурту Brutto, новага праекта Сяргея Міхалка, было абвешчана ў пачатку восені. З таго часу гурт запісаў альбом Underdog і абвясціў пра Underdog Tour 2014 у яго падтрымку. Пасля забароны канцэртаў у Мінску і расійскай Самары Brutto рыхтуецца выступіць у Маскве (20 снежня) і Кіеве (27 снежня).