Пяцёра ўдзельнікаў галадоўкі і двое журналістаў былі затрыманыя міліцыяй у Бабруйску.

Пра гэта паведаміў старшыня арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) Міхаіл Кавалькоў.

«Затрымалі семярых чалавек — чацвярых, што праводзілі галадоўку, мяне і двух журналістаў, — сказаў ён па тэлефоне. — Мы ехалі да завода, калі нас спынілі. Міліцыя забрала нашу машыну, дакументы і вязуць нас ва УУС».

Па словах Кавалькова, прычыны затрымання ім не патлумачылі. «У выпадку са мной палічылі, што пасведчанне кіроўцы — гэта не дакумент, патрэбен пашпарт. Але ў астатніх былі пашпарты, і іх забралі без тлумачэння прычын», — адзначыў ён.

Пазней усіх адпусцілі, папярэдзіўшы аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Паводле слоў Мікалая Жыбуля, чатырох удзельнікаў галадоўкі, а таксама старшыню арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў (БЗТДіА) Міхаіла Кавалькова і двух журналістаў «гадзіну-паўтары пратрымалі ў міліцыі».

«З намі правялі прафілактычную гутарку, растлумачылі, чым пагражае ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, — расказаў Жыбуль. — Сказалі, што калі пра нашу галадоўку прайшла інфармацыя ў інтэрнэце, яна лічыцца несанкцыянаванай акцыяй. Папярэдзілі, што калі прадоўжым галадоўку, нас маюць права аштрафаваць на суму да 30 базавых велічынь».

Паводле слоў Жыбуля, цяпер ён і яго таварышы вырашаюць, ці будуць яны працягваць галадоўку пратэсту. «Штраф у 30 базавых велічынь — гэта вельмі значная сума для нас», — сказаў ён.

Звольненыя з завода члены СПБ Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варонкін і Аляксандр Грамыка 5 лістапада абвясцілі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама, патрабуючы захавання іх канстытуцыйнага права на працу. Ім двойчы даводзілася пакідаць будынак па патрабаванні міліцыі і чыноўнікаў. 6 лістапада чацвёра галадоўнікаў працягнулі акцыю пратэсту недалёка ад прахадной БЗТДіА. На выходныя яны спынялі галадоўку і аднавілі яе 10 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?