Сіламі ўсіх беларускіх мабільных аператараў будзе забяспечана сувязь для абанентаў у тунэлях Мінскага метрапалітэна, паведамілі БелаПАН у ЗП «Велком» і СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы». 

Як патлумачылі спецыялісты, паслугі перадачы голасу і даных будуць даступныя для абанентаў на працягу ўсяго шляху. Да праекта падключыліся ўсе аператары сотавай сувязі, бо ў прадастаўленні гэтай паслугі сваім абанентам зацікаўлены ўсе гульцы тэлекам-рынку. Больш таго, такое супрацоўніцтва дазволіць не загружаць тунэлі абсталяваннем, а максімальна эфектыўна выкарыстоўваць даступную прастору, адзначылі ў кампаніі «Велком».

У сваю чаргу ў кампаніі «МТС» падкрэслілі, што сумесная рэалізацыя — распаўсюджаная сусветная практыка, бо праект па забеспячэнні сувяззю перагонаў метрапалітэна вельмі дарагі. На сёння сфарміраваны рабочыя групы ўсіх мабільных аператараў для дасягнення максімальна хуткага выніку. 

«Мы са свайго боку прапрацоўваем магчымыя тэхнічныя рашэнні, кантактуем з метрапалітэнам, займаемся зборам даных для наступнага праектавання. Па нашых ацэнках, на рэалізацыю праекта запатрабуецца не менш чым год», — адзначыў кіраўнік тэхнічнага дэпартамента «МТС» Аляксей Цяжкіх.

Мінскі метрапалітэн з`яўляецца чацвёртым па велічыні пасажырапатоку, чацвёртым па колькасці станцый у СНД. Складаецца з дзвюх ліній агульнай працягласцю 37,3 км, мае 29 станцый і два электрадэпо.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?