Меры, прынятыя ЕС, ужо прынеслі першыя вынікі.

Абранне кіраўніка Еўракамісіі, крызіс даверу да ЕС, падзеі ва Украіне — гэтыя і іншыя тэмы былі закранутыя ў інтэрв'ю, якое даў Die Welt міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт.

«Мяне вельмі моцна турбуе, што праз мяжу з Расеяй [ва Украіну] паступае ўсё больш зброі і амуніцыі. Дадамо да гэтага прапаганду з боку рускіх, агрэсіўнасць якой ўзрастае. Усё гэта робіць сітуацыю небяспечнай», — сказаў Більт. Паводле яго меркаванне, «план Парашэнкі сапраўды можа стварыць перадумовы да ўсталявання міру — пры ўмове, што Крэмль яго падтрымае. Усё залежыць ад таго, ці будзе адноўлены кантроль над расейска-ўкраінскай мяжой. Само сабой, Масква ў стане перакрыць гэтыя памежныя пункты для правозу зброі і праезду баевікоў, але для гэтага трэба, каб Пуцін гэтага захацеў».

«Факт застаецца фактам: да гэтага часу мы не ўвялі ніякіх сапраўдных санкцый, — лічыць міністр. — Мы ўвялі некалькім людзям забарону на ўезд і замарозілі рахункі. Ужо гэтыя два крокі нанеслі істотны ўрон расійскай эканоміцы. Мы ўжо бачым наступствы: адбываецца адток капіталу з Расіі, разумныя людзі пакідаюць гэтую краіну, замежныя інвестыцыі практычна адсутнічаюць. Мы робім стаўку не на непасрэдны, рэзкі эфект, а на наступствы ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, якія ўжо цяпер прымушаюць Крэмль панікаваць». Більт заклікае набрацца цярпення: «Ніякіх вынікаў на працягу некалькіх дзён не будзе».

«Зусім не факт, што ключавое значэнне маюць санкцыі супраць Расеі, — хутчэй дапамога Украіне, — працягнуў Більт. — Расія дэстабілізуе, мы стабілізуем. Мы падтрымалі выбары на Украіне і зараз працягваем дапамагаць разам з Міжнародным валютным фондам. Калі ў нас атрымаецца дапамагчы Украіне ў прасоўванні па шляху да эканамічных рэформаў і дэмакратыі, гэта ўжо будзе вялікі вынік. Пуцін больш за ўсё на свеце баіцца якраз стабільнай Украіны».

Затым кіраўнік шведскага МЗС пастараўся супакоіць еўрапейцаў, якія, як піша Die Welt, «баяцца зімой замерзнуць, калі Пуцін закруціць вентыль». «Гэтага не адбудзецца, — заявіў міністр. — У Еўропе нікому з-за ўкраінскага крызісу мерзнуць не давядзецца. Да таго часу будзе знойдзена рашэнне, бо бакі за апошні час прыкметна зблізіліся. Так ці інакш, нам у бліжэйшай будучыні трэба на агульнаеўрапейскім узроўні абмеркаваць энергетычную палітыку, сумненняў у гэтым няма».

Асноўная мэта, якую мае Уладзімір Пуцін, складаецца ў «далейшым ўмацаванні» яго рэжыму, мяркуе Більт: «Не думаю, што ён імкнецца да «перавыдання» Савецкага Саюза. Але ён будзе спрабаваць і далей пашыраць сферу свайго ўплыву».

Пра сноўнага кандыдата на пасаду кіраўніка Еўракамісіі суразмоўца Die Welt адгукнуўся так: «Я ведаю Жан-Клода Юнкера ўжо даўно. Гэта адораны і спрактыкаваны палітык, у яго вельмі багаты досвед у еўрапейскіх справах».

Выказаўся Більт і пра перспектывы ўступлення скандынаўскіх краін у НАТА: «У цяперашні час у Швецыі ідэю ўступлення ў НАТА большасць не падтрымлівае, за — толькі каля траціны насельніцтва. Што б там ні было, Швецыя ніколі не ўвойдзе [у альянс] без Фінляндыі. А фіны ў сілу гістарычнага досведу і геаграфічнай блізкасці да Расіі вельмі далёкія ад таго, каб стаць сябрам НАТА».

Таксама ў інтэрв'ю закранулі крызіс легітымнасці, які ў цяперашні час перажывае Еўрасаюз: «Калі ЕС будуць лічыць усяго толькі полем бітвы за пасады ў Брусэлі, то ў нас праблемы. Калі ж ЕС будзе ўспрымацца як буйная супольнасць, якая займаецца пошукам рашэнняў у такіх галінах, як міграцыя, эканоміка і бяспека, праблема легітымнасці сама сабой знікне». Калі Вялікабрытанія выйдзе з ЕС, гэта «сур'ёзна аслабіць» структуру, мяркуе Більт, і нават можа азначаць «правал еўрапейскай ідэі». Што тычыцца ўздыму крытычна настроенага да Еўрасаюза правага папулізму, то палітык заклікае праводзіць адрозненні паміж асобным рухамі.

На пытанне, што Еўропа можа супрацьпаставіць такім настроям, ён адказаў: «Усё вельмі проста: Еўропа павінна выдаваць вынік. Нават калі Брусэль робіць нешта добрае, грамадзяне краін-удзельніц ЕС часта не ўсведамляюць гэтага. Напрыклад, зручныя адкрытыя межы мы ўспрымаем як нешта само сабой зразумелае. Брусэль толькі вінавацяць у праблемах, якія ўзнікаюць, але не прызнаюць за ім дасягненняў. Гэта трэба тэрмінова выправіць і пачаць казаць пра Еўропу і яе палітычнае кіраўніцтва па-новаму. Тады, напэўна, і грамадзяне нарэшце адчуюць, якая карысць ад Еўрасаюза».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?