Беларускі бізнэс актыўна абмяркоўвае навіну аб магчымым стварэнні інстытута спецімпарцёраў некаторых катэгорый тавараў.

Пакуль самога праекта ўказа прэзідэнта няма ў агульным доступе, аднак паводле папярэдняй інфармацыі ўрад вызначыў 12 дзяржпрадпрыемстваў, якім з 1 ліпеня 2014 года па 1 студзеня 2015 года даецца выключнае права імпарту радыё-, тэле-, відэа- і бытавой тэхнікі, падшыпнікаў, рухавікоў, сельгастэхнікі, грузавых аўтамабіляў, станкоў, уборачнай тэхнікі, ліфтаў, шын, электронных кампанентаў.

Учора ж прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў у час наведвання ААТ «Трыкатажгандаль», што аптымальныя суадносіны беларускіх і імпартных тавараў — 85 да 15 працэнтаў, чым яшчэ больш запэўніў у планах урада зарэгуляваць патокі імпарту.

Старшыня грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка лічыць такія меры «антыпрадпрымальніцкімі і антыэканамічнымі»:

«Такія захады не прывядуць ні да чаго добрага, акрамя як аслабяць нашую краіну. Калі раней мільярд даляраў вывозілі ў Еўрасаюз, дык цяпер дзесяць вывязуць у Расію. Людзі не адмовяцца ад танных тавараў. Стварэнне спецімпарцёраў выгадна краінам, у якія мы можам свабодна ездзіць, то бок Расіі.

Не ведаю, якім месцам думае наш урад, калі прымае такія рашэнні. У мяне ёсць прапанова нашым чыноўнікам у звязку з учорашняй заявай Мясніковіча пра 15%: найперш пачніце з сябе. Перасядзьце на айчынныя аўтамабілі, карыстайцеся беларускай тэхнікай, насіце беларускае адзенне. Тады мы ўбачым іх патрыятызм.

А пакуль гэта шлях да ізаляцыі, да жалезнай заслоны».

Шумчанка таксама дапускае, што ўслед за прыняццем указа аб спецімпарцёрах можна чакаць іншых крокаў, накіраваных на змяншэнне патоку імпарту:

«Гэта стане працягам аперацыі па абмежаванні імпарту і вывазу валюты. Будуць блакавацца важныя артэрыі дастаўкі імпартных тавараў. Я магу сказаць, што ўжо сёння гэта працуе.

Нядаўна быў выпадак, калі прадпрымальнікі ехалі ад польскай мяжы, і іх машыны спынялі ў Гродзенскай і Брэсцкай вобласці, перапісвалі дадзеныя, глядзелі, што вязуць. Таму разам з указам будзе і каманда рэгуляваць патокі імпарту на мяжы.

Але перашкаджаць гэтаму не трэба. Гэта цяжка, але я хацеў бы, каб беларусы пабачылі, хто імі кіруе і якім чынам прымаюцца рашэнні. Наш урад працуе лепш за любую апазіцыю. Цяжка падкласці большую свінню Лукашэнку за тую, якую яму падкладвае ўрад».

 Імпарцёры ў чаканні

Буйныя фірмы-імпарцёры электронікі і бытавой тэхнікі ўстрывожаныя магчымым прыняццем указа аб спецімпарцёрах, але каментаваць рашэнне ўрада не хочуць.

«Мы чыталі навіны і чулі пра праект указа, абмяркоўвалі. Аднак пакуль казаць нешта бессэнсоўна, таму што няма дакумента, які можна дэтальна разгледзець», — патлумачыў Павал Матусевіч, намеснік кіраўніка ТАА «Трыавіст», якому належыць інтэрнэт-крама 21vek.

«У тым выглядзе, у якім праект указа абмяркоўваецца сёння ў Саўміне, ён значна пагаршае ўмовы працы імпарцёраў. Мы спадзяемся, што яго прымуць у іншым выглядзе, які не закране імпарцёраў», — паведамілі «НН» у кампаніі «Тэхна Медыа Трэйд», якая валодае сеткай крамаў «Тэхна Плюс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?