«Розныя версіі інтэрнэт-сайтаў мы мелі і раней. Гэта былі хутчэй аматарскія старонкі, якія рабілі нашыя вучні. Але новы сайт цяпер можна паказваць і беларусам, і замежнікам, — дзеліцца ўражаннямі заснавальнік і галоўны трэнер клуба «Патрыёт»Дзмітрый Пясецкі. — Мы ўжо прадэманстравалі новую старонку калегам з ЗША і Тайланду. Тое, што атрымалася, нас вельмі цешыць».

Кампанія «Будзьма беларусамі!» плённа супрацоўнічае з беларускімі тайбаксёрамі не ўпершыню.

«Некалькі беларускіх файтараў сусветнага ўзроўню трапілі ў наш анлайн-праект «Байцоўскі ген», — згадвае каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская. — І калі мы рыхтавалі ролікі «Культура паляпшае жыццё», нават сумневу не было, каб запрасіць героем аднаго з гэтых ролікаў Віталя Гуркова. Вельмі плённым атрымалася супрацоўніцтва па стварэнні маек, у якіх нацыянальная зборная па муай-тай выправілася на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон, дзе, дарэчы, беларусы занялі першае агульнакаманднае месца. Усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі станоўчы рэзананс у грамадстве. Так мы яшчэ раз упэўніліся, што спорт — важная, перспектыўная частка сучаснай беларускай культуры, і з задавальненнем працягнулі супрацу: зрабілі сайт для байцоўскага клуба «Патрыёт», які мае міжнародную вядомасць. Паколькі старонка беларускамоўная, на першым месцы стаяла пытанне якасці. Мы звярнуліся ў арт-студыю «PRAS», дзе раней для нас зрабілі сайт, прысвечаны Цмоку. І мы ўсцешаныя, што новая інтэрнэт-старонка спадабалася самім спартоўцам. Спадзяемся, яна спадабаецца і карыстальнікам».

Нагадаем, што байцоўскі клуб «Патрыёт» добра вядомы ў байцоўскім свеце. Два мясцовыя выхаванцы маюць званне «Заслужаны майстар спорту Беларусі». Тут трэніруюцца шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Дзяніс Ганчаронак, зорка кікбоксінга і К-1 Забіт Самедаў. І, натуральна, чэмпіён свету сярод прафесіяналаў Віталь Гуркоў, які першым з беларускіх спартсменаў публічна прамовіў па тэлебачанні на роднай мове.

Як падкрэсліваюць у «Патрыёце», дзякуючы новаму сайту тут плануюць прыцягнуць у клуб як мага больш таленавітых дзяцей, якія падтрымаюць байцоўскія традыцыі старэйшых калег. Таксама у клубе разлічваюць на тое, што прыклад беларускамоўнага сайта натхніць іншыя спартовыя арганізацыі актыўна карыстацца роднай мовай. Бо як інакш выхоўваць у беларусах патрыятызм і адданасць сваёй краіне!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?