Міністэрства замежных спраў Беларусі не атрымлівала зваротаў наконт прызнання «Луганскай Народнай Рэспублікі», паведаміў на брыфінгу ў Мінску 12 чэрвеня прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык.

«МЗС Беларусі не атрымліваў ніякіх афіцыйных зваротаў або зваротаў, якія мы можам лічыць афіцыйнымі ў гэтай сувязі, — заявіў ён. — Што да сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны і праведзеных там рэферэндумаў, вычарпальная ацэнка гэтага дадзена кіраўніком дзяржавы», — дадаў ён.

Як паведамлялася раней, сепаратысты, якія заявілі аб стварэнні «Луганскай Народнай Рэспублікі», звярнуліся да 15 краін і суб'ектаў (у тым ліку расійскіх) з просьбай аб прызнанні яе незалежнасці. Сярод адрасатаў значыцца Беларусь — адпаведныя звароты накіраваны Аляксандру Лукашэнку, а таксама старшыням абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Анатолю Рубінаву і Уладзіміру Андрэйчанку.

Нагадаем, 21 мая ў інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу «Дождь» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з пункту гледжання права «рэферэндумы ў Данецкай і Луганскай абласцях Украіны не маюць ніякага значэння». «Я не кажу, у якіх умовах праводзіўся рэферэндум… Любы рэферэндум павінен праводзіцца на падставе Канстытуцыі», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?