На месцы «Рэспублікі КаZaнтип» новыя ўлады Крыма збіраюцца пабудаваць праваслаўны манастыр і ў будучыні ладзіць фэст праваслаўнага мастацтва. Паводле новага кіраўніка Крыма Сяргея Аксёнава, ініцыятыва адбіць пляж у рэйвераў зыходзіць непасрэдна ад патрыярха РПЦ Кірыла. Маўляў, уладыка «падкрэсліў, што падобным «Казанціпу» фэстам не месца на праваслаўнай зямлі».

На думку Аксёнава, куратарам фэсту праваслаўнага мастацтва цалкам можа стаць арганізатар «Казанціпа» Мікіта Маршунок. «Ён мае вялікі досвед у стварэнні масавага мерапрыемства і яго правядзенні… Я гаварыў з патрыярхам Кірылам, ён нават гатовы надзяліць Мікіту духоўным санам ў абмен на дапамогу», — распавёў Аксёнаў украінскім СМІ.

Раней пра намер заняцца фэстам, якія цяпер трапляе пад расійскую юрысдыкцыю, заявіла Федэральная служба РФ па кантролі за абаротам наркотыкаў. Яна паабяцала правесці рэйды на «Казанціпе» падобна тым, якія ладзяцца па клубах, «калі ёсць інфармацыя пра тое, што там мае месца абарот наркотыкаў». Маршунок, ён жа прэзідэнт «Рэспублікі КаZaнтип», у сваю чаргу, паабяцаў 10 тысяч долараў таму, хто зловіць на яго фэсце наркадылера.

Адзін з найбуйнейшых фэстаў электроннай музыкі Усходняй Еўропы, «Казанціп», праходзіць у Крыме з 1992 года. Праз гады вандровак месцам дыслакацыі шматдзённага рэйва стала сяло Папоўка пад Еўпаторыяй.

Сёлетні «Казанціп» мае адбыцца ў першай палове жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0