Палітзняволены Васіль Парфянкоў этапаваны ў папраўчую калонію № 9 у Горках, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Дагэтуль малады чалавек утрымліваўся ў СІЗА ў Жодзіна. 

5 снежня суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 Крымінальнага кодэкса): неаднаразовая няяўка для рэгістрацыі ў аддзяленне міліцыі, прыход дамоў пасля 20.00. Парфянкова прыгаварылі да года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму па месцы адбыцця пакарання. 

28 студзеня Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд першай інстанцыі ў сіле. 

У 2011 годзе Парфянкоў быў асуджаны ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, але ў жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Пасля гэтага былы палітзняволены неаднаразова зведваў пераслед з боку ўладаў. 

Пераслед Парфянкова праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу націску на грамадскіх актывістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?