Духі і дзяды беларускай мовы

Хіба што кожны «новы беларускамоўны» можа згадаць прынамсі пару гісторый, як яго ў залатыя часы навяртання ў беларушчыну нехта зганьбіў за памылкі. Пасля гэтага некаторыя, як калісьці прыніжаныя ў войску «духі», самі становяцца моўнымі «дзядамі» ды пачынаюць ганіць іншых, маладзейшых, «навабранцаў», якім «дужа спадабаецца беларуская мова», але яны паводле сваіх уласных законаў спрагаюць «я гавору», «зачыняюць вочы» на памылкі і кажуць: «Вельмі дзякуй». Але ж, здаецца, кожнаму відно, што калі не спрабаваць размаўляць – то само не загаворыцца. А пазіцыя «я не говорю / пишу / сижу / хожу по-белорусски, чтобы трасянки не было» не выглядае на стваральную.

Ды ўсё ж найбольш дратуюць далікатныя філалагічныя вушы не гэтыя вучнёўскія «я гавору на абодзьвух мовах» – а свядомыя сталыя выказванні зацятых рэальных і віртуальных ваяроў, якія першым каментаром да навіны «Няшчасны выпадак: хлопчык застрэліўся з паляўнічага ружжа» пішуць: «Па-беларуску слушна «стрэльба», а з маскальскім ружьём – прэч з нашае роднае зямлі!», жаўнераў, у чыіх руках слоўнікі пачатку 20 стагоддзя ператвараюцца ў полымя інквізіцыі для няверных сучаснікаў.

І вось збіраешся прыдбаць у якой-небудзь суполцы Укантакце сувеніры, але замест адказу на пытанне: «Хачу купіць дванаццаць ручак, ці можна заказаць?» спачатку выправяць усе «памылкі»: «Вы мелі на ўвазе: «Жадаю набыць тузін асадак, ці магчыма замовіць?»

Раскіданае гняздо сінонімаў

Сапраўды, у 1990-я многія беларускамоўныя адчувалі праблему празмернай кансерватыўнасці афіцыйнай беларушчыны ў адносінах да слоў новых або вернутых з 1920-х гадоў. Пралезці ў нейкую сур’ёзную паперыну «спартоўцу», «асадцы» і «лядоўні» было цяжка. Але тыя часы мінаюць, і сёння нават на дзяржаўным радыё можна пачуць пра ўступныя іспыты, музычныя гурты і мастацкія выставы. Здавалася б, надышоў лексічны мір і згода, але ліха падкралася з-за другой павароткі. Барацьбіты з русізмамі ды моўныя рыцары, махаючы ад пляча сваімі мячамі і не даючы чужынцамі быць, выкраслілі з беларускай мовы дзясяткі беларускіх слоў ды выразаў.

Рэпрынты і лічбавыя копіі слоўнікаў ды моўных развагаў Ластоўскага, Станкевіча, Байкова і Некрашэвіча захапляюць, вабяць і даюць карысць, але малымі дозамі, па рэцэпце і толькі загартаванаму арганізму.

У сеціўных абшарах можна сустрэць і такое: чалавек, пабачыўшы назву кнігі «Чую, бачу, гавару», зарокся яе купляць малому, бо кніга, у назве якой «трасянкаўскае» «гаварыць» замест «праўдзівага» «размаўляць» нічому карыснаму навучыць дзіця не зможа. Так, словы з правага слупка сёння апынуліся на выгнанні ў чужыне:

слова беларускай мовытаксама слова беларускай мовы
ведаць знаць
вусны губы
жадаць хацець / прагнуць / зычыць
жах страх / жудасць
згадваць успамінаць
кошт цана
менавіта іменна
мяжа граніца
набыць купіць
нагавіцы штаны
памятаць помніць
распавядаць расказваць
слушны правільны
сябар друг
улюбёны любімы
шмат многа

Словы і з аднаго, і з другога слупка маюць права на жыццё, больш за тое, ніякае з іх не лепшае і не горшае, яны ўсе могуць ужывацца, галоўнае, каб дарэчы і да месца.

Не, няправільна – гасцёў з іншаземных абласцёў

Часта слоўнікі, цытаты з класікаў, прыклады з фальклору як аргументы не ўспрымаюцца ўсур’ёз – хіба што толькі ў тым выпадку, калі яны граюць на руку самім абаронцам чысціні. А само выкарыстанне менш «расійскага» і больш «сапраўднага» сіноніма вядзе да стылістычных неадпаведнасцяў і недарэчнасцяў (пацаны з Шабаноў ператвараюцца ў дзецюкоў – і адразу ж на даляглядзе сінеюць гострыя зялезныя косы), ды нават да змены значэння (харошая = прыгожая дзяўчына робіцца добрай = не злой). Такога кшталту выбранае прарэджванне лексічнага масіву, бывае, нішчыць адценні значэння. Напрыклад, шэраг хацецьжадацьпрагнуць адлюстроўвае розную ступень неабходнасці. І пры сустрэчы з чалавекам, які пастаянна толькі «жадае» (і гарбаты, і пад’есці, і пагаварыць, і праехаць на аўтобусе), мімаволі задумваешся, ці кантактаваць надалей з такой ненасытнай асобай.

Дыягназ – гіперкарэктнасць, адным словам, жаданне зрабіць беларускае яшчэ больш беларускім. Мажліва, часткова, правакуюць гэты сіндром пільныя і дасціпныя суайчыннікі, якія штораз прагнуць ад вас пачуць «сапраўднае» беларускае слова. Гэта мужчыны, якія ў аўтобусе робяць камплімент вашай мове, але неадступна патрабуюць, каб вы прыдумалі беларускі адпаведнік да слова «фігня». Гэта маладыя людзі ў берцах і з паўтарачкай піва, якія з выкладчыцкай хваткай патрабуюць перакласці з рускай «анчоусы» і на ваш адказ, што гэтак будзе і па-беларуску, звысоку шчоўкаюць языком, маўляў: ну дык пра што з табой размаўляць, калі ты не можаш назваць марскі далікатэс. Загнаны такімі паўсядзённымі экзаменамі, чалавек пачынае сумнявацца і старанна вышукваць, а то і вынаходзіць «больш беларускія» словы. Так нараджаецца прышпіл (прыкол), круціляц (верталёт) і далькажык (мабільнік).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?