19:11

Фота drugoi.livejournal.com

18:30

Януковіч пагаварыў з Пуціным пра стратэгічнае партнёрства

6 снежня 2013 Віктар Януковіч і Уладзімір Пуцін сустрэліся ў Сочы. Украінскі прэзідэнт наведаў Расіі па шляху з КНР.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў розных галінах эканомікі і падрыхтоўкі будучага Дагавора аб стратэгічным партнёрстве, суха паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.

17:36

Еўропа прапанавала Януковічу выхад з крызісу — стварэнне Рады рэформаў і еўраінтэграцыі з удзелам апазіцыі

Еўрасаюз прапануе выканаць умовы для атрымання грошай МВФ праз спецыяльны Савет рэформаў і еўраінтэграцыі, а не Кабмін. Пра гэта піша польская газета Reczpospolita са спасылкай на крыніцы ў коле перагаворшчыкаў.

Як піша выданне, такую прапанову ўкраінскаму боку зрабілі кіраўнікі МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі і Швецыі Карл Більт, якія пакуль неафіцыйна прадстаўляюць ЕС ва Украіне.

Еўропа прапануе Украіне вярнуцца да перамоваў аб асацыяцыі і выканаць умовы МВФ для атрымання фінансавай дапамогі.

17:33

У Кіеве створаны Грамадскі камітэт самакіравання

У памяшканні Кіеўскай рады, дзе знаходзяцца ўдзельнікі Еўрамайдану, створаны Грамадскі камітэт самакіравання. Ён павінен ажыццяўляць кантроль за сітуацыяй у сталіцы і за выкананнем функцый сталічнай улады, паведамляе прэс-служба «Бацькаўшчына».

16:57

Лідараў украінскай апазіцыі выклікаюць у Генпракуратуру на допыты

Генпракуратура Украіны выклікае на допыт шэраг народных дэпутатаў, у тым ліку і лідара фракцыі «Бацькаўшчына» Арсенія Яцанюка, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

16:15

Ключавой падзеяй вечара пятніцы мае стаць пікетаванне прыватнай рэзідэнцыі Віктара Януковіча «Міжгор’е» ў вёсцы Пятроўцы Вышгарадскага раёна.

Людзі збіраюцца туды на аўтамабілях.

Януковіч акурат сёння мае вярнуцца з Пекіна праз Маскву.

140-гектарны комплекс «Міжгор'е» абгароджаны пяціметровым плотам з даўжынёю перыметра 5,4 км. Там ёсць яхтавы прычал, тэнісны корт і нават заапарк. Журналісты й палітыкі называюць «Міжгор'е» сімвалам карупцыі прэзідэнцкага маштабу і «музеем карупцыі». Як выявіла агенцтва Франс прэс, адзін толькі санвузел там каштаваў 350 тысяч еўра. Ён упрыгожаны каштоўнымі камянямі.

Інтэр'еры Міжгор'я ўражваюць нават людзей звыклых да раскошы.

Інтэр'еры Міжгор'я ўражваюць нават людзей звыклых да раскошы.

Адкуль такія грошы ў прэзідэнта? Прытым што Украіна на сёння другая з канца па беднасці сярод краін Еўропы, па колькасці мільярдэраў (16) яна належыць да ліку першых.

Менавіта стыль жыцця не па сродках робіць не толькі Януковіча, а і ўсю ўкраінскую эліту злачыннай, нелегітымнай у вачах насельніцтва.

У інтэграцыі з Еўропай украінцы бачылі надзею на тое, што правілы гульні ў краіне стануць еўрапейскімі. Што Украіна стане прававой дзяржавай, і паціху карумпаваныя палітыкі адсеюцца.Адклад не пайшоў на лад: людзі распачалі пратэсты, і не выключана, што мы станем сведкамі як «гісторыя паскорыцца».Рэакцыя Януковіча на Еўрарэвалюцыю пакуль суперстрыманая. Відаць, што ва ўрада няма ні сілаў, ні сродкаў на жорсткую рэакцыю. Эканоміка Украіны знаходзіцца ў стагнацыі ад 2008 года, а золатавалютныя рэзервы за 2012-2013 гады скараціліся з 31 да 21 мільярда даляраў. «Баюся, што Украіна ідзе не на ўсход і не на захад», — так адкаментаваў гэта міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт.

16:12

Крывавы разгон, перамовы з уладай ці расчараванае апусценне — што чакае Еўрамайдан?

Сёння ідзе 15-ы дзень Еўрамайдану ў Кіеве. Пратэстоўцы паслядоўна наладжваюць інфраструктуру, некаторыя ўжо заяўляюць пра жаданне заставацца на Еўрамайдане да Новага году і нават даўжэй. Але якая будучыня можа чакаць украінскія пратэсты? Пра магчымыя сцэнары развіцця падзей, а таксама прычыны пратэстаў у Кіеве «НН» пагутарыла з вядомым украінскім палітолагам Уладзімірам Фясенкам.

16:10

Снег на Майдане — фотарэпартаж

15:00

Няўжо Майдан САМАарганізуецца? Механіка доўгатэрміновага плошчавага пратэсту

12:25

Януковіч на шляху з Кітая заляціць да Пуціна

У пятніцу ў Сочы пройдзе чарговы раўнд перамоваў прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на інфармаваную крыніцу.

«Прэзідэнт Украіны па шляху з Кітая зробіць рабочы візіт у Сочы (Расія), дзе правядзе перамовы са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным», — сказаў суразмоўца.

27 лістапада Януковіч у інтэрв'ю украінскім тэлеканалам заявіў, што дасягнуў з Пуціным дамоўленасцей з многіх праблемных пытанняў двухбаковых адносін.

Замежныя палітыкі заяўлялі, што ўкраінскія чыноўнікі ў гутарках прызнаваліся, што Украіна адмовілася ад падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС пад ціскам Расіі.

10:30

Каля Генпракуратуры Украіны праходзіць ляжачы пратэст

Яго ўдзельнікі ляжаць ля ўваходу ў будынак пракуратуры, патрабуючы вызвалення затрыманых па падазрэнні ў беспарадках на Банкавай 1 снежня (каля Адміністрацыі прэзідэнта Украіны), паведамляе Unian.

«Пераступілі цераз закон, пераступіце праз нас», — кажуць яны.

Супрацоўнікі Генпракуратуры, праходзячы ў будынак, пераступаюць удзельнікаў пратэсту пад крыкі «Ганьба!».

10:20

У нядзелю ў Кіеве зноў пройдзе вялікае Народнае веча

У нядзелю, 8 снежня, апоўдні на Майдане Незалежнасці ў Кіеве правядуць народнае веча. Пра гэта са сцэны заявілі каардынатары Еўрамайдану.

Апазіцыя таксама прыняла план дзеянняў для ўдзельнікаў, які складаецца з 5 блокаў: асноўныя мэты і задачы, міжнародныя мерапрыемствы, арганізацыйна-прававыя меры, меры грамадзянскага непадпарадкавання, асобныя ініцыятывы.

Сярод агучаных патрабаванняў: пакаранне вінаватых у збіцці ўдзельнікаў Еўрамайдану 30 лістапада і 1 снежня, адстаўка ўрада Мікалая Азарава і датэрміновыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, крымінальная справа супраць міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі і вызваленне ўсіх палітычных вязняў.

Нагадаем, 1 снежня ўжо адбылося народнае веча ў цэнтры сталіцы. У ім узялі ўдзел сотні тысяч удзельнікаў.

10:00

Каля 4-й гадзіны ночы 500 удзельнікаў Самаабароны Майдану арганізаванаю калонай абышлі блок-пасты «Беркута» каля Кабінета міністраў, Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама вальер з «цітушкамі» (платнымі мітынгоўцамі) каля Вярхоўнай Рады Украіны.

Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў народны дэпутат Украіны ад апазіцыі Андрэй Парубій.

«Ішлі моўчкі. Каля блок-пастоў — тройчы «Слава Украіне!». Цітушкі мяталіся па вальеры. «Беркут» разгублена выбягаў з аўтобусаў. Мы не спім — хай і яны не спяць», — піша Андрэй Парубій.

09:13

На Майдане ўсё спакойна

Фота Рустэма Адагамава

Фота Рустэма Адагамава

Чаканага ноччу разгону мітынгу не адбылося. Больш за тысячу чалавек правялі сённяшнюю ноч на Майдане, паведамляе Unian.

Са сцэны раз за разам выступалі актывісты, людзі, як і ў папярэднія дні, грэюцца ля вогнішчаў, спяваюць. Многія актывісты пераначавалі ў намётах, а таксама ў пунктах абагравання ў доме прафсаюзаў і памяшканні КГДА.

У цэлым сітуацыя ў цэнтры Кіева спакойная.

Сёння а 6:30 чакаўся разгон мітынгоўцаў «Беркутам» — адзін з арганізатараў акцыі на Майдане Незалежнасці абвясціў са сцэны, што байцы «Беркута» паведамілі яму пра разгон. Ён таксама дадаў, што гэта можа быць і дэзінфармацыяй, накіраванай на тое, каб стварыць паніку сярод пратэстоўцаў, але заклікаў не паддавацца на магчымыя правакацыі і захоўваць спакой.

09:15

Каля Майдана памёр чалавек

Мужчына памёр на назіральнай пляцоўцы побач з Майданам. Супрацоўнікі МУС Украіны, якія прыбылі на месца здарэння, не знайшлі на целе мужчыны прыкмет гвалтоўнай смерці, адзначаецца на сайце ведамства.

Прыкладны ўзрост мужчыны — 50-55 гадоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0