Пры канцы 1980-х зрабілі спробу знайсці аналаг расійскаму «привет». Так у беларускай мове з’явілася «прывітанне». Але слова занадта доўгае!

Такое меркаванне выказаў у суполцы Жывога Журнала «Беларуская мова» інтэрнет-карыстальнік Грамадзянін Яноўскі.

«Сённяшні фармат камунікацыі вымагае кароткага слова для прывітання, – піша Яноўскі. – Тры, ну чатыры літары — максімум. Нават здароў — доўга. Усё ідзе да скарачэння».

У размаітых «крывіцкіх слоўнічках» можна знайсці фразы тыпу «добры вечар у хату». Але ўявіць, каб так віталіся людзі ў СМС-паведамленні нерэальна.

Таму я ў электронных сродках камунікацыі вітаюся «хай», «віт». І «прывет» апошнім часам ужываю ўсё часцей» — піша Яноўскі.

А што кажуць мовазнаўцы? Па словах Змітра Саўкі, стыліста тэлеканала «Белсат», яшчэ 100 гадоў таму найчасцей выкарыстоўвалася слова «здароў». Разам з гэтым бытавалі больш афіцыйныя, паважлівыя «добры дзень» або «вітаю вас».

У наш час месца слова «здароў» заняло слова «прывітанне». Але, на думку Змітра Саўкі, яно не зусім удалае. Бо асновай «прывітання» стала калька са слова «приветствие».

Сам Саўка пераважна вітаецца «добры дзень» або «вітаю вас». Але, на яго думку, калі людзі ўжываюць нейкае слова і не адчуваюць дыскамфорту, трэба прымаць яго.

Наведвальнікі ЖЖ «Беларуская мова» прапануюць у каментарах да допісу розныя варыянты вітання: «салют», «вітаю», «чалом» (са спасылкай на творы XVIII і ХІХ ст.), «здароў», «здароў будзь» (са спасылкай на XVIII ст.) і нават польскае «чэсць».

А як вы вітаецеся з сябрамі і знаёмымі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?