Былы старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заклікае ўсе адгалінаванні партыі аб'яднацца.

Пра гэта ён заявіў 18 кастрычніка падчас анлайну на «Радыё Свабода».

Баршчэўскі адзначыў, што ў 1999 годзе «галоўнай паразай Фронту ў выніку была не фармальная параза, што стварылася дзве арганізацыі», а тое, што большасць людзей з мінскай арганізацыі Партыі БНФ, якая была «лідарам у Народным Фронце, якая забяспечвала масавасць акцый, іх адпаведны ўплыў на грамадства», «не пайшла ні ў адну структуру (фармальна нават застаўшыся ў гэтай структуры)».

Пасля гэтага, адзначыў Баршчэўскі «БНФ перасталі баяцца». Баршчэўскі «абсалютна ўпэўнены, што як рух БНФ сябе не вычарпаў».

«Дзейнасць партыі ў недэмакратычнай дзяржаве пераўтвараецца ў прынцыпе ў фікцыю, таму што партыя падкантрольная: там улічанае сяброўства, туды можна ўвапхнуць куды хочаш і колькі хочаш людзей.

А вось шырокі рух з тымі мэтамі, якія былі сфармуляваныя яшчэ 25 гадоў таму, цалкам актуальны», — лічыць ён. Баршчэўскі гатовы выступіць старшынёй на аб'яднаўчым з'ездзе БНФ як шырокага руху, і пры гэтым не займаць пасля ніякіх пасад.

«Цалкам лагічна не адмаўляцца ад пераемнасці з тым БНФ, таму што БНФ усё-такі па вялікім рахунку зрабіў значна больш добрага для людзей, чым кепскага.

Дзякуючы БНФ не загінуў ніводзін чалавек у Беларусі (падчас масавых дэманстрацый, нягледзячы на ўсе правакацыі, на ўсё, што спрабаваў вырабляць рэжым).

Гэта капітал, і ад гэтага капіталу адмаўляцца нельга, але каб дамовіцца з гэтым капіталам… І я заклікаю ўсе адгалінаванні, хто сябе сапраўды лічыць БНФ-аўцам, аб'яднацца», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?