Хаця ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ёсць колькі маіх словаў, хаця я некалькі разоў выступаў пры яе прыняцці і ўносіў папраўкі, таксама быў адным з некалькіх дэпутатаў БНФ, якія засталіся ў зале і галасавалі за гэтую Дэкларацыю — словам, маю поўнае права, нароўні з іншымі дэпутатамі, лічыць сябе сааўтарам Дэкларацыі. І тым не менш Днём Незалежнасці дзень яе прыняцця я не лічу.

Камуністы, якія ў ВС-12 складалі большасць, яшчэ ў чэрвені 1990-га адкінулі падрыхтаваны намі тэкст Дэкларацыі. Але

ў ліпені 1990-га пра суверэнітэт заявіў Вярхоўны Савет РСФСР на чале з Барысам Ельцыным, і Гарбачоў, каб зменшыць значнасць гэтай заявы і вагу свайго галоўнага апанента, даў каманду кіраўнікам рэспублік зрабіць тое самае — з абавязковай канстатацыяй існавання СССР і падпісання новай «саюзнай дамовы».

І старшыня ВС Мікалай Дземянцей кінуўся гэтае заданне выконваць. Гэта быў шанец.

І хаця наш тэкст быў прэпарыраваны да таго, што яго нельга было пазнаць — але пры абмеркаванні на сесіі нам усё ж удалося адстаяць некаторыя палажэнні. Але камуністы касцямі клаліся, каб захаваць апошні раздзел — пра СССР, які цалкам дэвальваваў сэнс Дэкларацыі.

І ўсё ж цягам абмеркавання,

па меры таго як Дэкларацыя, у выніку нашых паправак, насычалася зместам, многія камуністы пачыналі «адумвацца». І ўжо гучалі галасы — а ці трэба нам гэтая Дэкларацыя? Тады, як вядома. Пазняк прапанаваў скарыстаць прыём з выхадам з залы — ведаючы, што камуністы заўсёды зробяць насуперак «фронтаўцам». Так і атрымалася.
Днямі Станіслаў Шушкевіч назваў гэта «жартам». Ды не, Станіслаў Станіслававіч: я быў у ліку трох (ці чатырох, дакладна не памятаю) дэпутатаў БНФ, якіх пакінулі ў розных сектарах з пэўнымі мэтамі. І бачыў і вашую, і Дземянцея, і таварышаў камуністаў разгубленасць — вам усім было не да жартаў.
Дэкларацыя была прынятая.
І ў той самы дзень, 27 ліпеня, было абвешчана пра стварэнне Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце (да гэтага існавала «група дэпутатаў БНФ»).
У Дэкларацыі прысутнічаў раздзел пра СССР і нічога не гаварылася пра яе канстытуцыйны статус — гэта значыць, як і раней, Канстытуцыя і законы СССР былі над Канстытуцый і законамі БССР. І ўсе наступныя месяцы мы, Апазіцыя БНФ, патрабавалі надаць Дэкларацыі канстытуцыйнасць — г.зн. абвясціць Незалежнасць.

Праз некалькі дзён на просьбу штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» я гутарыў пра Дэкларацыю з Васілём Быкавым. Я заўважыў, што народ неяк спакойна паставіўся да прыняцця гэтага дакумента (і сапраўды — людзей на плошчы не было. Тыя фота- і кіназдымкі натоўпу пад нацыянальнымі сцягамі, як і дэпутатаў ў Авальнай залы, якімі часам ілюструюць прысвечаныя прыняццю Дэкларацыі тэлеперадачы і артыкулы, — гэта ўсё жнівень 91-га).

Быкаў сказаў, што гэты дакумент наўрад ці мог каго ўзрушыць — «Дзеля таго, каб дакументы такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай свядомасці, выразная дэмакратычная воля яго кіраўніцтва. А якая тут воля, калі ў гэтай зале Вярхоўнага Саветау, які прымаў Дэкларацыю, выразна панаваў хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супраць волі большасці».

Тады ж камуністычная парламенцкая большасць адкінула нашую прапанову абвясціць Днём Незалежнасці 25 сакавіка і прыняла дату 27 ліпеня — маўляў, хопіць з вас і такой «незалежнасці», у складзе СССР, і кропка.

Аднак кропку камуністам паставіць не ўдалося — праз год народ вырашыў інакш. На скліканай пасля правалу праімперскага путчу на патрабаванне дэпутатаў БНФ надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета, пад ціскам дзясяткаў тысяч людзей, што па нашым закліку сабраліся на плошчы перад Домам урада — камуністычная большасць была вымушаная спыніць дзейнасць уласнай жа партыі (!) і прыняць шэраг дакументаў, якія абвяшчалі незалежнасць Беларусі (звычайна прыгадваюць пастанову аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона — але былі і іншыя дакументы). Якраз з гэтага моманту Беларусь дэ-юрэ зрабілася незалежнай дзяржавай.

Але дзень 25 жніўня так і не быў замацаваны ў якасці дзяржаўнага свята. У той час як ва Украіне Дзень незалежнасці быў перанесены з 16 чэрвеня — дня прыняцця Дэкларацыі ў 1990 годзе — на 24 жніўня, дату абвяшчэння незалежнасці ў 1991-м. І гэта было цалкам слушна.

Тое самае павінен быў бы зрабіць і Вярхоўны Савет Беларусі. Але ўкраінскія камуністы адрозніваліся ад беларускіх непараўнальна большым узроўнем нацыянальнай свядомасці. Да таго ж нашыя камуністы пачалі адыходзіць ад паьляпутчаўскага шоку (нам яшчэ ўдалося ў верасні 91-га надаць статус дзяржаўных сімвалаў бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня», але праводзіць такога кшталту рашэнні было ўсё цяжэй).

Дзень 27 ліпеня заставаўся дзяржаўным святам, і БНФ выкарыстоўваў гэтую магчымасць, каб яшчэ раз нагадаць грамадству пра каштоўнасць дзяржаўнай незалежнасці.

І усё ж,

менавіта дзень 25 жніўня 1991 года — гэта сапраўдны дзень народнай перамогі, надзвычайнага народнага ўздыму, дзень паразы імперскіх сілаў, дзень рэальнага ажыццяўлення мары пакаленняў беларусаў. Гэта быў апагей нацыянальнага Адраджэння.
Менавіта таму рабілася ўсё (і робіцца цяпер), каб сцерці гэты дзень народнай перамогі з памяці.
Стэрэатып замацоўваюць некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, калі пытаюцца ў наведнікаў пра «галоўны» для іх «Дзень незалежнасці», прапаноўваючы і 27 ліпеня, і нават 3 ліпеня — але не называюць 25 жніўня.

Між тым на сайце радыё «Свабода» ў дні, калі грамадскасць адзначала 20-годдзе беларускай незалежнасці, у жніўні 2011-га, найбольшая колькасць апытаных менавіта 25 жніўня 1991 года назвала днём, калі Беларусь стала незалежнай (далей ідзе 25 сакавіка 1918 г., затым — 27 ліпеня 1990 г.).

Тут, аднак, варта сказаць, што дзень 25 сакавіка 1918 — сімвалічны і важны незалежна ад практычнага выніку намаганняў ініцыятараў стварэння БНР — бо ўпершыню было абвешчана пра існаванне незалежнай беларускай дзяржавы ў яе этнічных межах. І гэты дзень, верыцца, у дэмакратычнай Беларусі будзе адзначацца як дзяржаўнае свята — магчыма, з традыцыйна замацаванай за ім назвай «Дзень Волі».

Дзень 27 ліпеня 1990 года, безумоўна, застанецца ў беларускай гісторыі як важкі крок на шляху да незалежнасці.

Але ў лёсе сучаснай Беларусі, якая (нягледзячы ні на што) замацавалася як незалежная дзяржава, бясспрэчна, найбольш важны і вызначальны дзень — 25 жніўня 1991.

25 жніўня, перакананы, і будзе дзяржаўным Днём Незалежнасці ў дэмакратычнай Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?