«Рассвет»

Ураджэнец клімавіцкай вёскі Папехнікі Валерый Іваноў першую адукацыю атрымаў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Вядома, давялося папрацаваць у гэтай сферы. Спачатку ў калгасе «Кастрычнік» Круглянскага раёна. А пасля — не абы-дзе — у калгасе «Рассвет» Кіраўскага раёна.

Гаспадарку Іваноў узначаліў акурат пасля таго, як крымінальная справа была заведзеная на Героя сацыялістычнай працы, легендарнага старшыню «Рассвета» Васіля Старавойтава. Тую справу многія лічылі і лічаць палітычна матываванай.

Шклоў і фальсіфікацыі

Пасля Іванова прызначаюць зноў не абы-куды, а старшынёй Шклоўскага райвыканкама. Праўда, перад гэтым пакіраваў яшчэ Клімавіцкім райвыканкамам. Да радзімай Лукашэнкі ўвагі заўсёды самая пільная.

У 2008 годзе Іваноў «абіраецца» ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў. Ягоным канкурэнтам па шклоўскай акрузе быў прадстаўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Дык вось назіральнікам Кастусёва ўдалося выявіць і сфатаграфаваць пустыя пратаколы, якія ўжо былі падпісаныя сябрамі выбарчай камісіі. Скандал? Не, перавыбараў на Шклоўшчыне не рабілі, Іванову аддалі перамогу.

Зганьбіўся ў Радзе Еўропы

У палаце прадстаўнікоў спадар Іваноў быў віцэ-спікерам. Нярэдка яго адпраўлялі ў замежныя камандзіроўкі. Так у 2009 г. ён выступаў у Радзе Еўропы ў Страсбурзе. Цікава, што падчас свайго выступу Валерый Іваноў не ўстаў з месца, а прамаўляў седзячы. Тады казалі, што ледзь не першы такі выпадак. Гаворыць Іваноў па-расейску з выразным цвёрдым беларускім «ч». Памятаецца, што аўтару гэтых радкоў так і атрымалася тады пасля пасяджэння паразмаўляць са спадаром Івановым. Куратар з афіцыйнай дэлегацыі ўсё дзёргаў парламентара: «Нам пара».

Гаварыў аб прыпісках

У парламенце Іваноў прабыў нядоўгі час. Ягоныя ўменні спатрэбіліся ва ўрадзе. Ён стаў віцэ-прэм’ерам, адказваў за сельскую гаспадарку. На адной з калегій Мінсельгаспраду ён сказаў, што прыпіскі ў краіне паўсюль.

Іваноў заклікаў змагацца з гэтай заганнай з’явай. Прыпіскі зніклі? Канечне, не.

Будучы ж яшчэ дэпутатам Іваноў праявіў сябе як змагар з п’янствам сярод непаўналетніх.

«Беларуская калійная кампанія»

Менавіта там апошні год адпрацаваў Валерый Іваноў. За гэты час ён абсалютна нічым не запомніўся.

У СМІ яго прозвішча пачынала фігураваць толькі ў сувязі з дакладамі ў Лукашэнкі, а таксама з кантрактамі на пастаўкі калія ў Індыю і Кітай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?