Амаль 30% беларускіх інтэрнэт-адрасоў блакуюцца фірмамі, што супрацьдзейнічаюць распаўсюду спаму. Прычына — кантэнт, які распаўсюджваецца імі.

Краіны Усходняй Еўропы ўзначальваюць спіс краін з найбольшым адсоткам унесеных у чорныя спісы IP-адрасоў, сказана ў дакладзе ахоўнай фірмы Cloudmark.

Згодна з дакладам, Беларусь стала вельмі папулярнай сярод спамераў, калі іншыя краіны пачалі актыўна змагацца з непажаданай масавай інтэрнэт-рассылкай з адрасоў, што знаходзяцца на іх тэрыторыі.

Самай вялікай крыніцай спаму па-ранейшаму з’яўляюцца ЗША, сцвярджае даклад.

Найбольшы працэнт IP-адрасоў, блакаваных міжнароднымі анты-спам кампаніямі, зарэгістраваны ў Беларусі (27,4%), за якой ідуць Румынія (22,3%) і Расія (3%), кажа супрацоўнік Cloudmark Эндру Конвей.

Цяпер, паводле яго слоў, блакуецца трафік з больш чым трох мільёнаў беларускіх IP-адрасоў, каб спыніць паток спаму праз іх.

Даследчык з кампаніі Sophos Пол Даклін звяртае ўвагу на тое, што суадносіны паміж колькасцю IP-адрасоў, якія з’яўляюцца праваднікамі спаму, і колькасцю насельніцтва краіны азначае,

што Беларусь безумоўна займае першае месца ў свеце па колькасці спамераў на душу насельніцтва.

«Гэта горшыя суадносіны», — сказаў Даклін, дадаўшы, што, нягледзячы на ​​адносна нешматлікае насельніцтва, Беларусь набліжаецца да ЗША, якія з’яўляюцца самай вялікай крыніцай спаму ў свеце.

«[Па гэтым паказчыку] Беларусь нашмат пераўзыходзіць ўсіх астатніх на гэты момант», — сказаў ён.

На думку спецыялістаў Cloudmark, такі рост «беларускага спаму» з’яўляецца следствам барацьбы з крыніцамі спаму ў іншых ўсходнееўрапейскіх краінах, такіх як Расія. Як мяркуюць эксперты, многія хостынг-правайдэры ў іншых краінах хутка адрэагавалі на распаўсюд непажаданага кантэнту,

у выніку чаго спамеры былі вымушаныя шукаць месца, дзе б маглі дзейнічаць беспакарана.

Румынскія банды спамераў сталі часцей выкарыстоўваць камп’ютары беларускіх правайдэраў і хостынгавых кампаній, асабліва пасля таго, як іх выціснулі з іншых краін.

«Як правіла, калі казаць аб асобных хостынгавых кампаніях, то, калі мы блакуем больш за 1% ад агульнага кантэнту, гэта значыць, што ў іх ёсць праблемы», — сказаў Эндру Конвей.

Слабы кантроль за інтэрнэт-бяспекай у Беларусі азначае, што частка віны за спам, генераваны, хутчэй за ўсё, за межамі краіны, падае і на беларускія сеткавыя кампаніі, мяркуе Конвей.

Большасць спаму цяпер распаўсюджваецца з дапамогай камп’ютараў, якія кантралююцца кіберзлачынцамі, і рэдка адбываецца з краіны, дзе гэтыя камп’ютары знаходзяцца.

Уключэнне вялікай колькасці IP-адрасоў ў «чорныя спісы» можа адбіцца і на законным бізнэсе, мяркуе спецыяліст па інтэрнэт-бяспекі.

«Гэта будзе ствараць праблемы для людзей, якія проста пасылаюць электронныя лісты за мяжу»,
— папярэдзіў Конвей.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?